Урад Італіі прыпыніў выдачу «залатых візаў» для грамадзянаў Беларусі і Расеі, гатовых інвэставаць у эканоміку гэтай краіны.
Пра рашэньне паведамляецца на сайце адпаведнай праграмы Investor Visa for Italy.
Адзначаецца, што выдача беларусам і расейцам «залатых візаў» спынена з 14 ліпеня «ў адпаведнасьці з рэкамэндацыяй Эўрапейскага Зьвязу».
«Залатая віза» — дазвол на жыхарства тэрмінам на два гады, які выдаецца ў Італіі інвэстарам з краінаў, якія не ўваходзяць у ЭЗ.
З 2020 году праграма Investor Visa for Italy прадугледжвае некалькі відаў укладаньняў для атрыманьня «залатой візы»: ня менш за 250 тысяч эўра — для інвэстыцый у стартапы, ня менш за 500 тысяч — у публічныя або непублічныя італьянскія кампаніі, ад 1 мільёна эўра — у сацыяльна значныя праекты, ад 2 мільёнаў — у дзяржаўныя каштоўныя паперы.