Паводле агенцтва BNP, чыноўнік зрабіў гэтую заяву, камэнтуючы інфармацыю Дэпартамэнту міграцыі пры МУС пра павелічэньне колькасьці беларусаў, якія жывуць у Літве. Паводле слоў чыноўніка, калі б парлямэнт прыняў прапанову прэзыдэнта Гітанаса Наўседы ўвесьці супраць грамадзян Беларусі і РФ аднолькавыя санкцыі, «гэтая статыстыка выглядала б інакш».
«Як мы бачым, колькасьць беларусаў у Літве, якія атрымалі дазвол на жыхарства на той ці іншай падставе, вырасла амаль да 60 тысяч, — цытуе Ўрбонаса партал навін Delfi. — Толькі сёлета іх колькасьць павялічылася амаль на 10 тысяч. Можна сказаць, што пасьля вырашэньня гэтага пытаньня і ўраўнаньня стаўленьня да грамадзян Расеі і Беларусі — у гэтым выпадку пасьля ўраўнаньня ўмоў іх уезду ў Літоўскую Рэспубліку — мы сапраўды зрабілі б вялікі крок наперад».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская падзякавала літоўскаму Сейму за прынцыповасьць і падтрымку беларусаўУрбонас таксама згадаў, што зь лістапада мінулага году больш за 1,1 тысячы грамадзян Беларусі і Расеі былі прызнаныя пагрозай нацыянальнай бясьпецы, хоць раней міграцыйная служба «прымала ўсяго некалькі такіх рашэньняў у год».
Увесну 2023 году літоўскі Сейм прыняў пакет нацыянальных санкцый, якія пастрожылі парадак уезду і знаходжаньня на тэрыторыі краіны, а таксама абмежавалі правы — пераважна расейскіх грамадзян. У выніку ажыўленых дыскусій беларусы былі выведзены з-пад большасьці абмежавальных захадаў. Наўседа наклаў на закон вэта, дамагаючыся аднолькавых абмежаваньняў для грамадзян Беларусі і Расеі, але парлямэнт адхіліў яго прапановы.
- Закон аб абмежавальных мерах у адносінах да грамадзянаў Беларусі і Расеі ў сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны быў прыняты Сеймам Літвы 4 красавіка. Дакумэнт прадугледжвае прыпыненьне прыёму заяваў на атрыманьне візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі падача заявы ажыцьцяўляецца пры пасярэдніцтве МЗС Літвы.
- Для расейцаў уводзіцца часовае прыпыненьне падачы заявак на атрыманьне часовага дазволу на жыхарства, беларусаў гэтая частка закону не закранае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы і Ціханоўская раскрытыкавалі вэта Наўседы на закон аб новых санкцыях для расейцаў і беларусаў
18 ліпеня сьпікер парлямэнта Вікторыя Чміліце-Нільсэн заявіла, што пытаньне пра ўніфікацыю санкцый супраць беларусаў і расейцаў можа быць перагледжанае ў сьвятле прыбыцьця ў Беларусь наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр». Разам з тым для яе было «не відавочна», што Сейм абавязкова верне гэтае пытаньне ў парадак дня.
- 2 жніўня літоўская міграцыйная служба паведаміла, што на пачатак ліпеня 2023 году ў Літве пражывала 58 347 грамадзян Беларусі — на 9543 больш (+19,6%), чым на пачатак студзеня (48 804).
- 4 жніўня гэтае ж ведамства заявіла, што з канца лістапада 2022-га Літва прызнала 910 беларусаў асобамі, якія становяць пагрозу для яе нацыянальнай бясьпекі.
- 337 грамадзянам Беларусі было адмоўлена ў выдачы часовага дазволу на жыхарства, 121 — у замене гэтага дакумэнту, у 205 ануляваны часовы дазвол на жыхарства, які раней дзейнічаў.
- Акрамя таго, двум беларусам адмовілі ў выдачы сталага дазволу на жыхарства, чатыром гэты дакумэнт анулявалі.
- 241 беларусу было адмоўлена ў выдачы літоўскай нацыянальнай візы (тып D).
- З канца лістапада 2022 году паўналетнія грамадзяне Беларусі і РФ абавязаныя запаўняць у міграцыйнай службе спэцыяльную анкету, у якой трэба паведаміць пра сваю адукацыю, папярэднія месцы працы, службу ва Ўзброеных сілах, дзелавыя кантакты, кантакты з органамі ўлады краін NATO або краін, якія не ўваходзяць у ЭЗ, а таксама пра сваё стаўленьне да расейскай агрэсіі супраць Украіны.