Сьпікер Паветраных сіл Украіны Юрый Ігнат заклікаў украінскія СМІ не маніпуляваць інфармацыяй пра расейскія абстрэлы Ўкраіны з тэрыторыі Беларусі.
«Яе [ракету] запусьцілі з самалёта МіГ-31К з раёну Тамбова. Як яна па маршруце ляціць, вы ж разумееце. Перакрыжаваньне дзяржаваў — Расея, Беларусь, Украіна, яна закранае паветраную прастору Беларусі, ніякіх праблемаў для расейцаў у гэтым няма», — сказаў Юрый Ігнат, камэнтуючы ў эфіры ўсеўкраінскага тэлемаратону #UAРазом інфармацыю аб расейскім абстрэле 5 жніўня з тэрыторыі Беларусі.
Афіцыйны прадстаўнік Паветраных сілаў Украіны назваў маніпуляцыйнымі загалоўкі публікацый у СМІ пра абстрэл зь Беларусі. У той жа час усе выданьні арыентаваліся на паведамленьне «Ракеты — зь Беларусі», разьмешчанае ў афіцыйным тэлеграм-канале Паветраных сілаў Украіны.
«Калі ракета ляціць і закранае паветраную прастору Беларусі, адпаведна зьяўляецца там недзе над Беларусьсю і ляціць у кірунку Хмяльніцкай вобласьці. Адпаведна дзяжурны напіша „Ляціць „Кінжал“ з кірунку Беларусі“. Вось і ўсё, і ня трэба маніпуляваць у загалоўках, што ляцяць ракеты зь Беларусі. Нашы СМІ гэта ўсё падхопліваюць як належнае, бо нешта новае зьяўляецца ў навінах. Не. Паветраную прастору Беларусі Расея актыўна выкарыстоўвае з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня. Там ёсьць іхныя войскі, самалёты, „вагнэраўцы“, таму нічога новага», — патлумачыў Юры Ігнат.
Увечары 5 жніўня ўкраінскія маніторынгавыя каналы паведамілі, што над некалькімі вобласьцямі Ўкраіны зафіксаваныя крылатыя ракеты. Удары нанесьлі па Хмяльніцкай, Віньніцкай, Запароскай і Жытомірскай вобласьцях Украіны.
Паветраныя сілы Ўкраіны тады заявілі, што запускі некалькіх ракет па Ўкраіне ажыцьцявілі з тэрыторыі Беларусі. Раней украінскія вайскоўцы таксама казалі пра запуск гіпэргукавых ракет «Кінжал» з раёну Тамбова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў заявіў, што па Ўкраіне зноў запусьцілі ракеты зь Беларусі. У палку Каліноўскага адмаўляюць6 жніўня прадстаўнік Галоўнай управы выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны Андрэй Юсаў заявіў, што Расея магла імітаваць запускі ракет з тэрыторыі Беларусі дзеля правакацыі — каб уцягнуць Беларусь у вайну супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская выведка: Расея магла імітаваць пускі ракет зь Беларусі, каб уцягнуць яе ў вайну