Закрыцьцё на мяжы зь Беларусьсю двух пунктаў пропуску дазволіць літоўскім службам «вырашыць арганізацыйныя пытаньні» і пераразьмеркаваць сілы, заявіў 7 жніўня ў эфіры радыё LRT дарадца прэзыдэнта Літвы Дарус Урбонас.
«У гэтых пунктах нам бракуе пэўнага абсталяваньня, каб вельмі эфэктыўна змагацца з кантрабандай, — адзначыў ён. — Калі б гэтыя пункты былі закрытыя, мы, несумненна, маглі б тыя сілы, якія маем там сёньня, накіраваць у іншыя месцы, узмацняючы абарону нашай вонкавай мяжы».
Намесьнік кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Саўлюс Некрашавічус заявіў Балтыйскаму інфармацыйнаму агенцтву BNS, што закрыцьцё часткі дзейных памежных пунктаў на мяжы зь Беларусьсю «зьнізіць рызыку сутыкненьня з пагрозамі». Паводле яго, пункты Шумск і Цьверач (зь беларускага боку адпаведна Лоша і Відзы ) адрозьніваюцца «абмежаванай здольнасьцю прапускаць транспартныя сродкі і людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі МЗС заяўляе, што «вагнэраўцы» ўжо спрабавалі пранікнуць у Польшчу4 жніўня міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі і яго літоўская калега Агне Білатайце ўзгаднілі схемы рэагаваньня на пагрозы з боку Беларусі ў выпадку правакацыяў з удзелам ПВК «Вагнэр», а таксама абмеркавалі мэханізм на «выпадак закрыцьця ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю і ізаляцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі».
«Мы ў кантакце з нашымі сябрамі зь Літвы і Латвіі, бо яны таксама зазнаюць падобныя правакацыі. Варыянт поўнай ізаляцыі Беларусі ў выпадку сур’ёзных інцыдэнтаў з удзелам „вагнэраўцаў“ на межах краін NATO і ЭЗ, безумоўна, будзе прыняты намі як сумесны захад», — падкрэсьліў Каміньскі.
Паводле яго, калі Польшча і Літва палічаць закрыцьцё межаў «правільнай рэакцыяй», то такія дзеяньні «прывядуць да поўнай ізаляцыі Беларусі». «Рэжым у Беларусі павінен гэта ўсьведамляць», — заявіў кіраўнік МУС Польшчы.
Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што краінам Балтыі і Польшчы, падобна, давядзецца закрыць мяжу зь Беларусьсю, калі сытуацыя зь бясьпекай пагоршыцца ў з прычыны знаходжаньня на беларускай тэрыторыі наймітаў ПВК «Вагнэр».
3 жніўня міністар разьвіцьця і тэхналёгіяў Польшчы Вальдэмар Буда заявіў, што нарастаньне пагрозы прымушае польскія ўлады «глыбока задумацца пра магчымае закрыцьцё ўсіх памежных пераходаў зь Беларусьсю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва ўрадзе Польшчы пасьля інцыдэнту зь верталётамі задумаліся аб закрыцьці ўсіх памежных пераходаў з БеларусьсюШто важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі
- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
- Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
- Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
- 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
- Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
- 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
- Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
- 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.