Плятформа «Голас» на прапанову Аб’яднанага пераходнага кабінэту запускае апытаньне аб праекце нацыянальнага пашпарту Беларусі.
Арганізатары спадзяюцца, што гэта дапаможа высьветліць колькасьць грамадзян Беларусі, якія хацелі б атрымаць новы беларускі пашпарт, і ацаніць аб’ём запыту для плянаваньня вытворчага працэсу.
6 жніўня ў Варшаве на канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь 2023» прадстаўнік у міжнародных справах Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Валер Кавалеўскі прэзэнтаваў распрацаваны ўзор нацыянальнага пашпарту Новай Беларусі.
Паводле Кавалеўскага, у афармленьні геральдычная камісія абапіралася на эўрапейскія традыцыі. Будзе выяўлены герб «Пагоня», які быў дзяржаўным у ВКЛ, БНР і Рэспубліцы Беларусі, а таксама гімн БНР.
«Мы цяпер вядзем перамовы аб прызнаньні гэтага дакумэнту. Ёсьць пэўныя пазытыўныя сыгналы», — паведаміў Валер Кавалеўскі.
Паводле яго, цяпер рыхтуецца да вытворчасьці фізычны ўзор пашпарту, што дазволіць пачаць зьмястоўныя перамовы з краінамі Эўразьвязу аб яго прызнаньні.
«Гэта будзе няпросты працэс. Гэты праект робіцца ўпершыню. Раней ніводная нацыянальная грамада не рабіла падобнага», — дадаў Валер Кавалеўскі.
Пасьля прызнаньня нацыянальнага пашпарту Беларусі нацыянальнымі ўрадамі краін Эўразьвязу плянуецца пачаць перамовы аб прызнаньні дакумэнту па-за межамі ЭЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве прэзэнтавалі нацыянальны пашпарт Новай Беларусі. Яго распрацавалі паводле эўрапейскіх традыцый. ФОТА