Факультэт журналістыкі БДУ набраў студэнтаў выключна на бюджэт. Цяпер іх рыхтуюць толькі для дзяржаўных СМІ

Факультэт журналістыкі БДУ

Дэкан факультэту заявіў, што ў платных месцах цяпер няма патрэбы.

Аляксей Бяляеў сказаў агенцтву БелТА, што цяпер факультэт выконвае дзяржаўную замову і рыхтуе кадры толькі для дзяржаўных СМІ. На старэйшых курсах студэнты выберуць сабе канкрэтны профіль — палітычны, спартовы, эканамічны, мастацкі і т.д. А пакуль набор прайшоў на спэцыяльнасьці «інфармацыя і камунікацыя» і «журналістыка». Апошняя — унівэрсалізаваная, раней на факультэце існаваў падзел спэцыяльнасьцяў на друкаваныя, аўдыёвізуальныя і вэб-СМІ.

На 60 бюджэтных месцаў падалі заявы 79 чалавек. Дэкан лічыць гэта высокім паказьнікам. Сярод уступных выпрабаваньняў у самім унівэрсытэце пасьля ЦТ была і праца над памылкамі ў расейскай мове. Ці была такая праца зь беларускай мовай, Бяляеў не сказаў.

Набралі на факультэт журналістыкі і трох «мэтавікаў» — студэнтаў, якіх накіравала на вучобу канкрэтная арганізацыя. Пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту яны адправяцца працаваць у тыя рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы расказалі, колькі беларускіх студэнтаў навучаюцца ў ВНУ краіны

Платнага набору пакуль няма. Дэкан апісвае сытуацыю так:

«Калі далей мы ўбачым шырэйшае поле працы для журналістаў, то, вядома, можам аднавіць платныя наборы, але на блізкім даляглядзе пакуль у гэтым ня маем патрэбы».

У Беларусі за апошнія тры гады зьніклі або перамясьціліся за мяжу многія незалежныя выданьні. Іх пазбаўлялі магчымасьці друку, скасоўвалі рэгістрацыю, саджалі журналістаў і рэдактараў у турмы. На гэты момант больш як 30 супрў журналістаў за кратамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка выпісаў свайму малодшаму сыну стыпэндыю як «таленавітаму студэнту»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі, бо журналісты

Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ

У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.

Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:

  • «Белгазета»,
  • «Брестская газета»,
  • «Газета Слонімская»,
  • «Информ-прогулка»,
  • «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
  • «Лидер-пресс».
  • «Народная воля»,
  • «Новы час»,
  • «Рэгіянальная газета»,
  • «Свободные новости плюс»,
  • «Ганцавіцкі час».

У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.

Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».

Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.

У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».

Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.