Прадстаўнік па міжнародных справах Аб‘яднанага пераходнага кабінэту Беларусі Валер Кавалеўскі прэзэнтаваў у Варшаве (Польшча) у рамках канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023» узор распрацаванага нацыянальнага пашпарта Новай Беларусі.
Паводле Кавалеўскага, у афармленьні геральдычная камісія абапіраліся на эўрапейскія традыцыі. Будзе прысутнічаць герб «Пагоня», які дзейнічаў у ВКЛ, БНР і незалежнай Беларусі, а таксама гімн БНР.
«Мы цяпер вядзем перамовы аб прызнаньні гэтага дакумэнту. Ёсьць пэўныя пазытыўныя сыгналы», — паведаміў Валер Кавалеўскі.
Паводле яго, цяпер рыхтуецца да вытворчасьці фізычны ўзор пашпарта, што дазволіць пачаць прадметныя перамовы з краінамі Эўразьвязу аб яго прызнаньні.
«Гэта будзе няпросты працэс. Гэты праект робіцца ўпершыню. Раней ніводная нацыянальная грамада не рабіла падобнага», — дадаў Валер Кавалеўскі.
Пасьля прызнаньня нацыянальнага пашпарта Беларусі нацыянальнымі ўрадамі краін Эўразьвязу плянуецца пачаць перамовы аб прызнаньні дакумэнту па-за межамі ЭЗ.
Валер Кавалеўскі нагадаў, што нацыянальны пашпарт вырашылі распрацаваць пасьля таго, як вялікая колькасьць беларусаў, якія выехалі зь Беларусі пасьля 2020 году, сутыкнулася з праблемай абмену пашпартоў празь дзейныя дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі.