У рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі разглядаюць ужо больш за 40 спраў супраць рэжыму Лукашэнкі, — дарадца Ціханоўскай

Крысьціна Рыхтэр на канфэрэнцыі «Новая Беларусь 2023».

Больш за 40 чалавек прызнана ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Беларусі ў рамках расьсьледаваньняў крымінальных спраў у розных краінах, паведаміла дарадца Ціханоўскай у прававых пытаньнях Крысьціна Рыхтэр 6 жніўня на канфэрэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве.

«Цяпер больш за чатыры дзясяткі ахвяраў у розных краінах — і гэта сьведчыць аб тым, што працэс ідзе», — сказала яна.

Пры гэтым, паводле яе, «няма ніводнага завершанага кейсу па ўнівэрсальнай юрысдыкцыі з пункту гледжаньня вынясеньня рашэньня судом замежнай дзяржавы, і таксама няма ніводнага ордэра на міжнародны вышук і арышт злачынцаў Лукашэнкі ці самога Лукашэнкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Варшаве адбылася канфэрэнцыя «Новая Беларусь 2023». ТЭКСТ, ФОТА, ВІДЭА
  • Пра тое, што «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» сумесна з «партнэрамі зь Літвы» найбліжэйшым часам зробіць «істотны крок» для ініцыяваньня расьсьледаваньня чарговых злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, заявіў 19 ліпеня кіраўнік НАУ Павал Латушка. Падрабязнасьцяў ён не раскрыў.
  • За дзень да гэтага Латушка паведаміў, што рыхтуецца перадаць у Міжнародны крымінальны суд у Гаазе зьвесткі больш як пра тысячу ахвяраў злачынстваў супраць чалавечнасьці, учыненых рэжымам Лукашэнкі, а таксама анансаваў перадачу ў МКС наступнага пакету дакумэнтаў, які даказвае ўдзел Лукашэнкі ў незаконнай дэпартацыі ў Беларусь дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый.
  • Камітэт Эўрапейскага парлямэнту ў замежных справах 18 ліпеня ўхваліў даклад, у якім заклікаў Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі, як гэта было зроблена ў дачыненьні да прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
  • У сакавіку кіраўнік НАУ Павал Латушка паведамляў, што крымінальныя справы ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі за злачынствы супраць чалавечнасьці ў Беларусі завялі ў Польшчы, Літве, Нямеччыне і Чэхіі.