Польскі МЗС заяўляе, што «вагнэраўцы» ўжо спрабавалі пранікнуць у Польшчу

Павел Яблоньскі

Намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павел Яблоньскі заявіў, што з боку Беларусі «пагроза вельмі рэальная», сьцьвярджаючы, што вайскоўцы ПВК «Вагнэр» спрабавалі пранікнуць на тэрыторыю Польшчы.

«Мы чакаем новых спробаў нападаў на нашую мяжу, магчыма, новых спробаў таксама парушэньня нашай паветранай прасторы», – сказаў Яблоньскі карэспандэнту CNN, дадаўшы, што «яны будуць спрабаваць прадэманстраваць, што могуць рабіць усё, што заўгодна».

Што да закрыцьця мяжы з Беларусьсю, то Польшча «разглядае любыя крокі, якія будуць неабходныя для абароны нашай тэрыторыі, абароны нашых грамадзян, уключаючы поўную ізаляцыю Беларусі, у тым ліку поўнае закрыцьцё мяжы», – сказаў Яблоньскі.

«Мы хацелі б гэтага пазьбегнуць, таму што гэта ў пэўнай ступені крайняя мера. Але калі будуць працягвацца атакі, працягвацца спробы дэстабілізацыі нашай краіны, у нас можа ня быць іншага выйсьця», – дадаў намесьнік міністра.

  • У аўторак Міністэрства абароны Польшчы заявіла, што краіна павялічыць колькасьць вайскоўцаў уздоўж сваёй усходняй мяжы пасьля таго, як два беларускія верталёты нібыта парушылі паветраную прастору Польшчы, што беларускае Міністэрства абароны абвяргае.
  • Раней прэм'ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заяўляў, што, паводле ягоных зьвестак, больш за 100 наймітаў групы «Вагнэр» рушылі ў бок Сувалскага калідора.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яму нібыта даводзіцца стрымліваць «вагнэраўцаў», якія рвуцца ў бок Польшчы, але пазьней абверг сам сябе, сказаўшы, што пажартаваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым могуць скончыцца «жарты» Лукашэнкі. Тлумачыць экс-прадстаўнік NATO
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пілёты не завагаюцца прымяніць зброю». Польшча перамясьціла баявыя верталёты да мяжы зь Беларусьсю

Што важна ведаць пра наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Асноўнае месца дысьлякацыі вагнэраўцаў у Беларусі — вайсковая база ў вёсцы Цэль Асіповіцкага раёну Магілёўскай вобласьці, за 90 кілямэтраў ад Менску. Вайсковую базу пачалі рыхтаваць да прыезду ПВК «Вагнэр» у канцы чэрвеня. На спадарожнікавых здымках, якія публікавала Свабода, відаць, што ў лягеры паставілі больш за 300 вайсковых намётаў.
  • Паводле інфармацыі The Washington Post, ад 22 ліпеня на базу таксама прыбылі «дзясяткі, калі ня сотні» адзінак баявой тэхнікі. Паводле зьвестак Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны, на 22 ліпеня колькасьць расейскіх наймітаў ПВК «Вагнэр» у Беларусі магла дасягаць 5 тысяч.
  • 19 ліпеня кіраўнік «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын выступіў перад наймітамі ў вёсцы Цэль, дагэтуль ён некалькі разоў туды прылятаў.
  • Другі пункт, дзе былі найміты ПВК «Вагнэр», — палігон «Берасьцейскі» на поўдні ад абласнога цэнтру. Ён месьціцца за некалькі кілямэтраў ад мяжы з Польшчай і за некалькі дзясяткаў кілямэтраў ад мяжы з Украінай.
  • 20 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі паведаміла аб сумесным трэнаваньні на гэтым палігоне наймітаў ПВК «Вагнэр» і Сілаў спэцыяльных апэрацыяў Беларусі.
  • Аляксандар Лукашэнка заявіў, што вагнэраўцы просяцца на экскурсію ў Варшаву і Жэшаў, а потым сказаў, што гэта быў жарт.
  • 31 ліпеня 2023 году зьявіліся фота фартыфікацыяў на палігоне «Рэпішча» пад Асіповічамі за 15 кілямэтраў ад лягеру наймітаў «Вагнэра» ў вёсцы Цэль. На здымку сэрвісу Planet Labs відаць, што на тэрыторыі палігону ідуць актыўныя будаўнічыя працы.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.