Паветраныя сілы УСУ заявілі, што запускі некалькіх ракет па Ўкраіне ажыцявілі з тэрыторыі Беларусі. Раней украінскія вайскоўцы таксама казалі пра запуск гіпэргукавых ракет «Кінжал» з раёну Тамбова.
У суботу ўвечары ракетныя ўдары былі нанесеныя ў Хмяльніцкай, Віньніцкай, Запароскай і Жытомірскай абласьцях Украіны, паведамляюць ваенныя адміністрацыі рэгіёнаў.
Паветраную трывогу на некаторы час абвяшчалі ва ўсіх рэгіёнах Украіны.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі пазьней заявіў, што ракеты сярод іншага ўдарылі па заводзе «Мотор-Січ» у Запарожжы. Гэта адно зь вядучых у сьвеце прадпрыемстваў па выпуску авіяцыйных рухавікоў, верталётаў, а таксама прамысловых газатурбінных установак.
Камандзір Палка Каліноўскага: ракетнага ўдару з тэрыторыі Беларусі не было
Камандзір беларускіх добраахвотнікаў палка Кастуся Каліноўскага з пазыўным Кіт сьцьвярджае, што ракетнага ўдару з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне ў суботу не было. Пра гэта ён заявіў у спэцыяльным відэазвароце.
«Афіцыйна заяўляю: паводле інфармацыі, якой мы дакладна валодаем, ніякіх атак з боку Беларусі не адбылося. Гэта чарговая спроба Расеі ўцягнуць рэжым Лукашэнкі ў поўнамаштабную вайну», — сказаў Кіт.
Ён зьвярнуўся да ўсіх беларусаў, у тым ліку да беларускіх вайскоўцаў, з заклікам не выконваць «злачынных загадаў, якія Лукашэнку дасылае Крэмль» і «ня даць сябе падмануць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна нанесла чарговы ўдар раёне Крымскага мосту. Пашкоджаны расейскі танкер- Аб тым, што Ўкраіну абстрэльваюць ракетамі з тэрыторыі Беларусі, кіраўніцтва Ўзброеных сіл Украіны расказалаў першы ж дзень вайны, 24 лютага. «З тэрыторыі Рэспублікі Беларусь выпушчаныя чатыры балістычныя ракеты ў паўднёва-заходнім напрамку», – гаварылася ў паведамленьні галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага, апублікаваным у першыя гадзіны пасьля ўварваньня.
- Паводле падлікаў маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», за час вайны зь беларускай тэрыторыі па ўкраінскіх гарадах было выпушчана больш як 700 ракет.
- Пасьля адводу расейскіх войскаў з поўначы Ўкраіны ракетныя ўдары зь Беларусі ненадоўга спыніліся, затым адбываліся толькі зрэдчас.
- Апошняя ракетная атака з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне адбылася 6 кастрычніка 2022 году, сьцьвярждае «Беларускі Гаюн».