Дэпартамэнт міграцыі Літвы паведаміў аб ануляваньні легалізацыі 910 грамадзянам Беларусі і 254 грамадзянам Расеі, бо яны несьлі пагрозу нацыянальнай бясьпецы краіны.
Як адзначаецца на афіцыйным сайце Дэпартамэнту міграцыі Літвы, рашэньні прынятыя на падставе аналізу анкет, якія запаўняюцца пры падачы дакумэнтаў для дазволу на жыхарства, а таксама непублічнай інфармацыі пасьля кансультацыяў з дэпартамэнтамі дзяржаўнай бясьпекі, аховы дзяржаўнай мяжы і паліцыі Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пасьля 11 гадоў жыцьця тут я раптам стаў «закансэрваваным агентам». Гісторыі беларусаў, якім не далі дазвол на жыхарства ў Літве«Пасьля ацэнкі ўсёй — публічнай і непублічнай — інфармацыі вызначана, што пагрозу нацыянальнай бясьпецы нясуць 910 грамадзян Беларусі, зь іх 337 адмовілі ў выдачы дазволу на часовае жыхарства ў Літве, 121 — у замене такога дакумэнту, 205 беларусам анулявалі раней дзейныя дазволы на часовае жыхарства. Двум грамадзянам Беларусі адмовілі ў выдачы дазволаў на сталае жыхарства ў Літве, чатыром такія дакумэнты анулявалі. 241 беларус атрымаў адмоўны адказ на нацыянальную літоўскую візу», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
Сярод грамадзян Расеі з аналягічнымі абмежаваньнямі сутыкнуліся 254 асобы.
«43 расейцам адмовілі ў выдачы дазволаў на часовае жыхарства ў Літве, 46 — у іх падаўжэньні. Яшчэ 59 грамадзянам Расеі анулявалі раней дзейныя дазволы на часовае жыхарства, а 52 расейцы пазбавіліся дазволу на сталае жыхарства ў Літве. Двум грамадзянам Расеі пастанавілі не выдаваць дазвол на сталае жыхарства ў Літве пры звароце па яго ўпершыню. Нацыянальную візу ня выдалі 52 расейцам», — паведамілі ў Дэпартамэнце міграцыі Літвы.
Усім 1164 грамадзянам Беларусі і Расеі таксама забаранілі ўезд у Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З пачатку вайны ва Ўкраіне Літва анулявала больш за 3 тысячы ДНЖ расейцам і беларусам