Паўнамоцтвы прадстаўнікоў Аб'яднанага пераходнага кабінэту Коўшык і Сахашчыка падоўжылі на год

Валер Сахашчык

2 жніўня ў Варшаве Коўшык і Сахашчык публічна прадставілі справаздачы аб сваёй дзейнасьці за мінулы год. Цяпер стала вядома пра працяг іхных паўнамоцтваў.

Каардынацыйная рада яшчэ на год — да 8 жніўня 2024 году — працягнула паўнамоцтвы прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінэту Аліны Коўшык (па нацыянальным адраджэньні) і Валера Сахашчыка (па абароне і нацыянальнай бясьпецы), паведаміла прэс-служба рады.

За Коўшык прагаласаваў 71 сябра КР, супраць — 1, устрымаліся — 8.

Сахашчык атрымаў 57 галасоў «за», 8 — «супраць», яшчэ 18 чалавек устрымаліся.

3 жніўня са справаздачамі выступілі яшчэ два прадстаўнікі кабінэту Вольга Гарбунова (па сацыяльных пытаньнях) і Валер Кавалеўскі (па замежных справах). 4 жніўня зробіць справаздачу Павал Латушка (прадстаўнік па транзыце ўлады), які з-за візыту ў Кіеў ня змог зрабіць гэта ў адзін з папярэдніх двух дзён, аднак прадставіў даклад завочна.

Калі выступіць прадстаўнік АПК па аднаўленьні правапарадку Аляксандар Азараў, пакуль невядома.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што даў год дзейнасьці Аб’яднанага пераходнага кабінэту
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каардынацыйная рада заслухала справаздачы Гарбуновай і Кавалеўскага з Аб’яднанага пераходнага кабінэту. ВІДЭА