Доктар палітычных навук, кіраўнік інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч разважае, каму патрэбна, а каму не патрэбна абвастрэньне беларуска-польскіх дачыненьняў, адказвае, ці сапраўды Варшава можа цалкам перакрыць мяжу, і называе апошнія выказваньні Лукашэнкі «інфармацыйна-псыхалягічнымі апэрацыямі».
Сьцісла
- Цяжка знайсьці рацыянальную прычыну, дзеля якой Менску цяпер патрэбная была б эскаляцыя напружанасьці на мяжы з Польшчай.
- Нейкага эфэктыўнага ўзьдзеяньня на палітыку Варшавы Менску не ўдаецца.
- Калі і можа быць далейшая эскаляцыя, то яна не ў інтарэсах Менску, а выключна ў інтарэсах Масквы.
- Большасьць выказваньняў Лукашэнкі апошняга часу, асабліва для замежнай аўдыторыі, — гэта так званыя «інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі».
— Як можна ацаніць інцыдэнт, калі два вайсковыя верталёты Беларусі 1 жніўня нібыта парушылі дзяржаўную мяжу Польшчы? Беларускі бок актыўна гэта зьняпраўджвае. Калі прыняць вэрсію, што парушэньне мяжы было, — то чаго дамагаецца афіцыйны Менск?
— Цяжка знайсьці нейкую рацыянальную прычыну, зь якой Менску цяпер патрэбная была б эскаляцыя напружанасьці на мяжы з Польшчай. Відавочна, што нейкага ўзьдзеяньня на палітыку Варшавы Менску не ўдаецца. Ужо ня першы месяц улады Беларусі выкарыстоўваюць самыя розныя мэтады, робяць спробы ціснуць на польскі бок празь міграцыйны крызіс, вайсковыя вучэньні. Усё гэта ні на што не ўплывае.
Так што далейшая эскаляцыя можа прывесьці да наступных санкцыяў з боку Польшчы, абмежаваньня руху тавараў — усё гэта больш ударыць па беларускім боку. Таксама можна чакаць павелічэньня польскай вайсковай групоўкі каля беларускай мяжы — што запатрабуе росту вайсковых выдаткаў для Беларусі.
Калі і можа быць далейшая эскаляцыя, то яна не ў інтарэсах Менску, а выключна ў інтарэсах Масквы, дзеля абвастрэньня сытуацыі ў рэгіёне.
— А якія могуць быць матывы і зацікаўленасьці ў Расеі?
— Стварыць дадатковую напружанасьць у рэгіёне і выкарыстаць гэта для далейшага ціску на заходнія краіны. Магчыма, праз такую напружанасьць паспрабаваць зьменшыць падтрымку польскімі ўладамі Ўкраіны — ці, прынамсі, спарадзіць сумневы ў неабходнасьці такой падтрымкі. Бо Варшаве давядзецца думаць пра іншыя рэгіёны, пра ўласнае войска і зброю для яго.
— Ці магчыма, што Польшча сапраўды можа цалкам перакрыць беларуска-польскую мяжу для перавозкі аўтамабільных і чыгуначных грузаў? Пры якіх умовах гэта можа адбыцца і якія вынікі гэта можа прынесьці, каму прынясе больш шкоды?
— Гэты варыянт ляжыць ужо «на стале», такая магчымасьць агучвалася. Ці будзе яна скарыстаная — ніхто ня ведае. Можна дапусьціць, што яна будзе ўключаная ў тым выпадку, калі будуць правакацыі на мяжы (магчыма, з ахвярамі), сур’ёзная збройная правакацыя, альбо калі беларускія ўлады будуць працягваць і ўзмацняць ціск на польскую меншасьць. Альбо калі, напрыклад, беларускія ўлады зноў пажадаюць узмацніць мігранцкі крызіс на мяжы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пілёты не завагаюцца прымяніць зброю». Польшча перамясьціла баявыя верталёты да мяжы зь Беларусьсю— Калі будзе нейкая збройная правакацыя, то для Варшавы ня будзе розьніцы, зрабілі яе вагнэраўцы ці ўласна беларускія сілавікі?
— Вядома, розьніцы няма. Калі польскія ўлады закрыюць мяжу — ім ня важна будзе, ад каго з тэрыторыі Беларусі сыходзіла гэтая правакацыя.
Што тычыцца таго, каму перакрыцьцё мяжы нанясе больш шкоды. Вядома, Беларусь тут у горшай сытуацыі, бо маштабы краінаў розныя. Гандаль Польшчы з Усходам вядзецца праз розныя кірункі, і залежнасьць Польшчы ад усходніх рынкаў значна меншая, чым залежнасьць Беларусі ад заходніх рынкаў. Польшча — частка магутнай эканамічнай супольнасьці Эўразьвязу, а Беларусь можа спадзявацца на кампэнсацыю толькі ад Масквы, чые рэсурсы зусім не неабмежаваныя. Таму Варшава і можа дазволіць сабе пагражаць закрыцьцём мяжы, разумеючы, што шкода для Беларусі будзе значна больш істотная.
— 2 жніўня Лукашэнка стаў зьмякчаць сваю рыторыку, даволі хутка ўключыў «заднюю хуткасьць» наконт «жарту» (як ён выказаўся), што вагнэраўцы нібыта хочуць наведаць Польшчу. Гэта ўвогуле ў ягоным стылі — абвяргаць свае ўласныя заявы, калі ён бачыць, што яны могуць прынесьці нэгатыўныя наступствы.
— Мне падаецца, што большасьць выказваньняў Лукашэнкі апошняга часу, асабліва для замежнай аўдыторыі, — гэта так званыя «інфармацыйна-псыхалягічныя апэрацыі». Яны разьлічаныя на шырокі рэзананс, маюць на мэце прыцягнуць да сябе ўвагу, намацаць імаверную рэакцыю. Магчыма, гэта ўзгоднена і з Масквой. А потым, калі пэўны эфэкт дасягнуты, калі пачынаюць аналізаваць сыгналы і рэакцыю з таго боку, бачаць маштаб выкліканых праблемаў — то можна адкруціць назад, сказаць, што пажартаваў.
Але эфэкт росту напружанасьці дасягацца, і эфэкт нейкай «значнасьці» і «важнасьці» Лукашэнкі. Вядома, часам ніякія мэты не дасягаюцца — але тады робіцца новая спроба, новая заява. Лукашэнку гэта нічога не каштуе — можна і далей гуляць у рэзкія заявы, а потым рабіць адкат назад. Гэта агульная стратэгія паводзінаў Лукашэнкі ў інфармацыйнай прасторы, якую можна назіраць прынамсі апошнія два гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што палова з заплянаванай для разьмяшчэньня расейскай ядзернай зброі ўжо ў Беларусі— У самой Польшчы прэса, апазыцыйная да цяперашняй уладнай кааліцыі, шмат піша пра тое, што польская ўлада наўмысна павялічвае патэнцыял пагрозы з боку Беларусі і Расеі, робячы гэта з унутрыпалітычных прычынаў. Як вядома, створаная камісія, якая будзе разглядаць ранейшыя нібыта «прарасейскія заявы» Дональда Туска, цяперашняга лідэра апазыцыі. Наколькі тут падмяшаны ўнутрыпалітычны чыньнік?
— Думаю, усе разумеюць, што вагнэраўцы істотнай пагрозы для Польшчы не ўяўляюць. З тымі абмежаванымі рэсурсамі, што яны маюць, нават сур’ёзнай ваеннай правакацыі ня здольныя зрабіць. Аднак, зь іншага боку, іхняя актыўнасьць і заявы Масквы і Менску патрабуюць ад польскіх палітыкаў пэўнай рэакцыі, улічваючы грамадзкі рэзананс.
Я згодны, што тут у значнай ступені гульня на публіку, жаданьне дэманстраваць сваю рашучасьць. Але гэта звычайныя правілы для палітыкаў ва ўсім сьвеце: калі ёсьць такая магчымасьць, чаму б яе не скарыстаць? Лёгіка палітычнага працэсу патрабуе такіх заяваў, тым больш напярэдадні парлямэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Польшчы восеньню.
Пляны разьмяшчэньня ядзернай зброі ў Беларусі. Асноўнае
25 сакавіка прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін у этэры тэлеканалу «Россия-24» заявіў, што 1 ліпеня ў Беларусі скончыцца будаўніцтва сховішча для тактычнай ядзернай зброі. Паводле яго, Аляксандар Лукашэнка ўжо доўгі час прасіў яго разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі. Акрамя таго, Масква ўжо перадала Менску ракетны комплекс «Іскандэр», які можа выкарыстоўваць гэтую зброю, і што дзесяць беларускіх самалётаў нібыта ўжо пераабсталявалі для нясеньня такой зброі.
Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што разьмяшчэньне ядзернай зброі зьяўляецца крокам да «да ўнутранай дэстабілізацыі краіны і максымальна падвышае ўзровень нэгатыўнага ўспрыманьня і агульнага адпрэчаньня ў беларускага грамадзтва Расеі і Пуціна».
Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала тэрмінова склікаць паседжаньне Рады Бясьпекі ААН у сувязі з заявай Пуціна аб разьмяшчэньні расейскай ядзернай зброі ў Беларусі.
У Пэнтагоне пасьля заявы Пуціна адзначылі, што пакуль ня бачылі ніякіх прыкметаў перамяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Некаторыя вайсковыя экспэрты таксама адзначылі, што да разьмяшчэньня такой зброі ў Беларусі насамрэч нічога не гатова. Іншыя дасьледчыкі гавораць аб тым, што ядзерная зброя ўсё ж зьявіцца, і гэта пацягне за сабой заснаваньне сталых вайсковых базаў Расеі на беларускай тэрыторыі.
У Міністэрстве замежных спраў Беларусі 28 сакавіка заявілі, што рашэньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі краіны ядзернай зброі ўхвалена ў адказ на «беспрэцэдэнтны палітычны, эканамічны і інфармацыйны ціск з боку ЗША, Вялікай Брытаніі і іх хаўрусьнікаў па NATO, а таксама дзяржаў Эўрапейскага зьвязу».
Прапагандысты ў дзяржаўных СМІ пазытыўна ацанілі намеры Расеі перакінуць тактычную ядзерную зброю на тэрыторыю Беларусі і пачалі пагражаць ударамі заходнім дзяржавам.
Эўразьвяз і Польшча заявілі аб тым, што зьбіраюцца ўвесьці больш жорсткія санкцыі супраць Менску ў выпадку разьмяшчэньня тактычнай ядзернай зброі.
Кітай заклікаў не дапусьціць далейшай канфрантацыі ядзерных дзяржаў. Між іншым, у сумеснай заяве, прынятай па выніках нядаўняй сустрэчы старшыні КНР Сі Цзіньпіна і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, ёсьць пункт:
«Усе ядзерныя дзяржавы не павінны разьмяшчаць ядзерную зброю за межамі нацыянальных тэрыторый і павінны вывесьці ўсю разьмешчаную за мяжой ядзерную зброю».
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык у інтэрвію Свабодзе дапусьціў, што намеры расейцаў могуць актывізаваць партызанскі рух у Беларусі.
Пляны Расеі разьмясьціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі ёсьць «небясьпечнай і безадказнай рыторыкай» Масквы, заявіў генэральны сакратар Паўночнаатлянтычнага альянсу Енс Столтэнбэрг літоўскім журналістам на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 27 красавіка. Пляны Расеі асудзілі краіны Захаду, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, насьцярожана выказаўся Кітай.
16 траўня пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў падчас дэбатаў аб месцах непастаянных чальцоў Рады Бясьпекі ААН на 2024–2025 гады, камэнтуючы пытаньне аб разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі, сказаў, што заява Расеі — «перш за ўсё гэта проста заява» і «нічога ў практычным сэнсе не было зроблена ў гэтых адносінах».
Кіраўнік Міністэрства абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся з расейскім калегам Сяргеем Шайгу, які прыляцеў 25 траўня 2023 году ў Менск. Міністры падпісалі дакумэнты, якія вызначаюць парадак утрыманьня расейскай нестратэгічнай ядзернай зброі ў адмысловым сховішчы на тэрыторыі Беларусі, паведамілі дзяржаўныя СМІ. Шайгу падкрэсьліў, што «кантроль над зброяй і рашэньне аб ужываньні застаецца за Масквой».
9 чэрвеня ў Сочы кіраўнік Расеі Пуцін заявіў, што 7–8 ліпеня на тэрыторыі Беларусі скончыцца падрыхтоўка «адпаведных збудаваньняў», пасьля чаго з Расеі адразу завязуць тактычную ядзерную зброю.
13 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што ядзерная зброя ў Беларусі ў тры разы магутнейшая за прымененую амэрыканцамі ў 1945-м у Хірасіме і Нагасакі. 16 чэрвеня Пуцін на эканамічным форуме ў Санкт-Пецярбургу адзначыў, што першыя ядзерныя зарады ўжо даставілі ў Беларусь.
19 чэрвеня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў «рэальнай» пагрозай тое, што Пуцін аддасьць загад аб выкарыстаньні тактычнай ядзернай зброі падчас вайны супраць Украіны.
Кіраўнік выведкі Ўкраіны Кірыл Буданаў 20 чэрвеня заявіў, што, згодна са зьвесткамі выведкі, Расея пакуль не перадала Беларусі ніводнай ядзернай боегалоўкі. Аднак ён адзначыў, што падрыхтоўка сховішчаў пад ТЯЗ сапраўды вядзецца.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.