Польская армія перадысьлякавала баявыя верталёты дзьвюх брыгад вайскова-паветраных сіл да мяжы з Беларусьсю. Пра гэта заявіў генэрал Марэк Сакалоўскі ў чацьвер на брыфінгу падчас візыту міністра абароны Польшчы Марыюша Блашчака ў Беласток, паведамляе «Зеркало» са спасылкай на TVP. info.
Па словах генэрала, войска выконвае задачы ў адпаведнасьці з загадам міністра аб неадкладным узмацненьні беларускага кірунку.
«Што тычыцца авіяцыйнай часткі, то ў сераду была праведзеная перагрупоўка верталётаў са складу 1-й авіяцыйнай брыгады сухапутных войскаў і 25-й паветрана-кавалерыйскай брыгады. Сёньня ўжо праведзеная папярэдняя выведка месцаў іх дысьлякацыі, адбыліся тэхнічныя брыфінгі», — паведаміў Сакалоўскі.
Верталёты будуць базавацца ў двух месцах і знаходзіцца ў рэжыме неадкладнага рэагаваньня на выпадак узьнікненьня інцыдэнтаў на мяжы. Пілёты будуць гатовыя прымяніць зброю ў выпадку новых правакацый.
«Верталёты ўзброеныя і гатовыя да бою. Тут ёсьць вельмі дасьведчаныя пілёты з поўнымі лётнымі правамі, ёсьць пілёты, якія былі са мной у Афганістане і Іраку і ўжывалі бартавое ўзбраеньне і ракеты. Яны дасьведчаныя. Калі здарыцца нешта трывожнае, яны без ваганьняў прыменяць зброю», — запэўніў генэрал Сакалоўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Відавочна, што нехта праспаў», — польскі вайсковы экспэрт пра парушэньне паветранай прасторы Польшчы беларускімі верталётамі«Лукашэнку і Крамлю ня ўдасца паўплываць на сытуацыю ў Польшчы»
Сам міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак падчас візыту заявіў пра гатоўнасьць краіны да новых правакацый.
Польшча павялічвае вайсковы кантынгент каля мяжы зь Беларусьсю ў рамках рэагаваньня на разьмяшчэньне ПВК «Вагнэр». Правакацыі зь беларускага боку будуць працягвацца, упэўнены міністар абароны. Ён сказаў, што польскія вайскоўцы маюць шмат працы, каб гарантаваць бясьпеку на ўсходняй мяжы.
«Усе мы разумеем, што сёньня Беларусь — у вайсковых адносінах — зьяўляецца часткай адноўленай Расейскай імпэрыі. Так што гэтыя гібрыдныя атакі на польскую тэрыторыю, безумоўна, каардынуюцца ў Крамлі. І наша задача, задача Войска Польскага — не дапусьціць дэстабілізацыі, таму што мэта гэтых удараў — дэстабілізацыя Польшчы», — заявіў Блашчак.
Ён прызнаў, што разьмяшчэньне ПВК Вагнэра ў Беларусі зрабіла сытуацыю яшчэ больш напружанай. Паводле дадзеных польскага боку, у Беларусі цяпер каля 4000 наймітаў.
На думку міністра, Лукашэнка сваімі правакацыйнымі крокамі і выказваньнямі — напрыклад, пра тое, што вагнэраўцы «просяцца на захад», — спрабуе паўплываць на сытуацыю ў Польшчы перад парлямэнцкімі выбарамі, якія маюць адбыцца ўвосень. Адказам на ўсе правакацыі будзе павелічэньне польскага вайсковага кантынгенту каля мяжы, інвэстыцыі ў абарону.
«Мы гатовыя гарантаваць бясьпеку на ўсходнім флянгу NATO і ва ўсходняй Польшчы. Лукашэнку і Крамлю ня ўдасца паўплываць на выбары, Лукашэнку і Крамлю ня ўдасца справакаваць, паўплываць на сытуацыю ў Польшчы».
- Удзень 1 жніўня жыхары памежнай Белавежы паведамілі ў сацыяльных сетках, што ў паветраную прастору краіны заляцелі два беларускія гелікоптэры Мі-8 і Мі-24.
- Пасьля першых паведамленьняў пра гэта Мінабароны Польшчы адмаўляла залёт верталётаў на польскую тэрыторыю, але пазьней прызнала: два беларускія верталёты парушылі дзяржаўную мяжу на вельмі малой вышыні і заляцелі на польскую тэрыторыю ў раёне Белавежы, таму радары іх не пабачылі. У ведамстве адзначылі, што беларускі бок раней праінфармаваў Польшчу аб вучэньнях.
- Пра інцыдэнт праінфармавалі NATO.
- Мінабароны Беларусі назвала абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА «надуманымі».
- 1 жніўня часовага паверанага ў справах Беларусі выклікалі ў Міністэрства замежных спраў Польшчы, дзе яму заявілі рашучы пратэст праз інцыдэнт зь беларускімі гелікоптэрамі, якія 1 жніўня парушылі паветраную прастору краіны.