Як Барбі ўплывае на ўспрыняцьце цела дзяўчатамі і жанчынамі — тлумачыць псыхоляг

Фільм «Барбі» зрабіўся адным з самых папулярных у сьвеце сёлета. Пасьля прэм’еры для шырокай публікі 21 ліпеня за першыя ж выходныя ён сабраў у кінатэатрах 337 мільёнаў даляраў — гэта рэкорд для фільму, зьнятага жанчынай-рэжысэрам, а таксама для любой кінастужкі не пра супэргероя, калі гэта не працяг ці рымэйк нейкага іншага фільму. Да 1 жніўня сума збораў дасягнула 811 мільёнаў.

На прэм'еры «Барбі» ў Лёндане, 12 ліпеня 2023

Рэжысэрка Грэта Гервіг стварыла новую гісторыю для славутай цацкі і назвала свой фільм «відавочна фэмінісцкім». Але сам вобраз Барбі шмат гадоў абвінавачвалі ва ўмацоўваньні гендэрных стэрэатыпаў і асабліва ў навязваньні нездаровай хударлявасьці як ідэалу жаночай прыгажосьці.

Джэніфэр Уэб з Унівэрсытэту Паўночнай Караліны ў ЗША сёлета апублікавала дасьледаваньне пра сувязь лялькі Барбі і вобразу ўласнага цела ў дзяўчат. Брытанскі навуковы часопіс Nature зьвярнуўся да Ўэб, каб распытацца пра ўплывы Барбі. Прапануем вашай увазе фрагмэнты гэтага інтэрвію.

Лялькі Барбі

— Барбі з 1973 году можна купіць у вобразе доктаркі — але нават у доктарскім халаце яна была відавочна вельмі хударлявая, і яе ступні былі разьлічаныя на высокія абцасы. На вашую думку, Барбі ў цэлым прынесла дзяўчатам і жанчынам больш добрага ці кепскага?

— Гэта вельмі складанае пытаньне. Калі абмежавацца толькі апублікаванымі дасьледаваньнямі ў вобласьці псыхалёгіі за апошнія 20 гадоў, дык пабачым дзьве групы дасьледаваньняў, якія займаліся некаторымі з гэтых пытаньняў. І карціна там даволі неадназначная. Прычына ў тым, што мэтодыка дасьледаваньняў не аднолькавая. Большасьць такіх дасьледаваньняў, калі ня ўсе, праводзіліся ў заходніх краінах, такіх як ЗША, Аўстралія, Вялікая Брытанія. І выбарка была пераважна сярод малых дзяўчынак.

Калі мы глядзім на гэтыя канкрэтныя выбаркі, дык ёсьць некаторыя доказы, што знаёмства з Барбі ці іншымі падобнымі да яе лялькамі хударлявага тыпу сапраўды ўплывае на тое, як малыя дзяўчынкі ўспрымаюць вобраз уласнага цела. Напрыклад, мы бачым ніжэйшую ацэнку свайго цела і большае прыняцьце ідэалу хударлявасьці.

Мы таксама ведаем зь некаторых такіх дасьледаваньняў, што перадузятае стаўленьне да вагі цела замацоўваецца ў вельмі раньніх узростах. У некаторых дасьледаваньнях удзельнічалі дзяўчаты ад 3 да 10 гадоў, якім давалі лялькі з рознымі памерамі цела, у тым ліку альбо падобныя да Барбі лялькі з большым памерам цела, альбо Барбі новага пакаленьня з пышнымі формамі. Звычайна такім лялькам з большай фігурай ці «пышным» Барбі прыпісвалі больш нэгатыўныя характарыстыкі.

— Такія дасьледаваньні паказваюць, што нават у вельмі раньнім узросьце дзяўчаты адчуваюць стыгматызацыю цела большых памераў, але ці паказваюць яны, што Барбі стварыла гэтую стыгматызацыю?

— У такіх дасьледаваньнях нам не хапае шмат якога кантэксту. Мы ня ведаем пра іншыя аспэкты сацыяльнага асяродзьдзя дзяцей — асяродзьдзя дома, у школе ці ў іншых месцах. Напрыклад, было цікавае дасьледаваньне, якое паказала значную сувязь паміж гульнямі з Барбі ў раньнім узросьце і большым імкненьнем да хударлявасьці ў маладосьці. Зноўку ж, мы ня ведаем усіх фактараў, якія на гэта ўплываюць. Але можна выказаць здагадку: магчыма, гульня з Барбі ў раньнім узросьце зьвязаная з тым, што ў дзіцяці нехта з бацькоў ці апекуноў быў прыхільнікам культуры дыетаў? І як гэтыя людзі размаўлялі пра свае ўласныя целы? Таму мы пакуль бачым толькі тое, што на паверхні.

— Вашае дасьледаваньне разглядала тып лялек Барбі з больш рухомымі суставамі, якія меліся б заахвочваць больш фізычна актыўную гульню. Як на гэта рэагавалі студэнткі ўнівэрсытэтаў, якія бралі ўдзел у дасьледаваньні?

— Што тычыцца лялек зь лінейкі «Made to Move» (зробленыя, каб рухацца), дык хоць там і большая рухомасьць суставаў і зь імі можна больш актыўна гуляцца, тым ня менш яны былі сканцэнтраваныя на адным тыпе цела: вельмі хударлявыя. Асабліва гэта тычылася першага пакаленьня такіх лялек. І цікава, што гэтыя маладыя жанчыны сапраўды ўспрымалі такія лялькі як рэалістычны прыклад, зь якім можна сябе параўноўваць.

Выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Барбі» Марго Робі

— А што вы думаеце пра фільм?

— Мне ён падаўся вельмі цікавым! Мне спадабалася, што ў ім была сапраўдная спроба паказаць і апісаць тое, што кампанія Mattel спрабуе зрабіць усё большай разнастайнасьць і прадстаўніцтва людзей. Былі пазытыўныя крокі, каб зрабіць лялек больш разнастайнымі. Думаю, што адным з апошніх прыкладаў была лялька з сындромам Даўна.

Як маці мне таксама спадабалася, як там паказаныя адносіны паміж маці і дачкой. Адзін з маіх любімых эпізодаў у фільме — пра тое, як зблізіліся маці і дачка. Думаю, што там была выдатная сумесь гумару з сапраўды вострым сацыяльным камэнтаром.

У канцы фільму ў мяне засталося глыбокае спачуваньне да ўсіх нас, незалежна ад таго, якую пазыцыю мы займаем. Проста гэта сытуацыя, у якой мы ўсе разам.