А сёньня на пытаньні Свабоды адказалі прадстаўнікі самой Каардынацыйнай рады — Вольга Кавалькова і Віталь Рымашэўскі.
У першы дзень слуханьняў 2 жніўня выступілі прадстаўніца ў пытаньнях нацыянальнага адраджэньня Аліна Коўшык і прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валер Сахашчык.
«Хацелася б больш канкрэтыкі, больш лічбаў, больш эфэктыўных інструмэнтаў ацэнкі сваёй дзейнасьці. Вось гэтыя канкрэтныя моманты вельмі часта не гучаць. Я падтрымала ў галасаваньні і Аліну, і Валера, і думаю, што гэта першая спроба. Спадзяюся, што далей мы будзем ацэньваць іх дзейнасьць зыходзячы з тых плянаў, якія яны прадставілі», — кажа Вольга Кавалькова.
«У мяне ацэнкі розныя. Гэта мае пэрсанальныя ацэнкі. Аліна Коўшык супрацоўнічае з нашай фракцыяй „Наша справа“ ўжо даўно. Відавочна, што Аліна спрабуе выканаць сваю місію тут і цяпер, яна супрацоўнічае са шматлікі ініцыятывамі. У спадара Сахашчыка была вялікая справаздача, была лічба пра роту з тысячы айцішнікаў, пра новыя лятальныя апараты. На мой погляд, гэта ўсё не абгрунтавана ніводным зьнешнім сьведчаньнем. Спадзяюся, што гэтая справаздача прынамсі ў адным пункце сапраўдная. Але, на маю думку, ён ня выканаў функцыю кіраўніка свайго напрамку. Па ягоных жа сьведчаньнях, не ўсталяваныя шчыльныя кантакты зь ніводнай з баявых адзінак, якія змагаюцца за беларускую свабоду», — кажа Віталь Рымашэўскі.
У другі дзень свае справаздачы агучылі прадстаўніца ў сацыяльных пытаньнях — Вольга Гарбунова і ў міжнародных справах — Валер Кавалеўскі. Бліжэйшым часам чакаюцца справаздачы прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў транзыце ўлады і аднаўленьні законнасьці і правапарадку Паўла Латушкі і Аляксандра Азарава. Яны не змаглі агучыць свае справаздачы перад Каардынацыйнай радай з прычыны паездкі ў Кіеў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каардынацыйная рада заслухала справаздачы Гарбуновай і Кавалеўскага з Аб’яднанага пераходнага кабінэту. ВІДЭА