Экспарт і рээкспарт аўтамабіляў, увезеных з ЗША ў Грузію, з 1 жніўня забаронены як у Расею, так і ў Беларусь. Пра гэта паведамляе партал bm.ge з спасылкай на грузінскае Міністэрства фінансаў.
Акрамя таго, з 26 верасьня абмяжуюць таксама экспарт і рээкспарт аўтамабіляў, увезеных з Эўразьвязу. Мера датычыць Беларусі і Расеі. Зьмены ўвялі з увагі на санкцыі, растлумачылі ў ведамстве.
Пры гэтым да 25 верасьня можна будзе экспартаваць аўтамабілі, на якія было падпісана экспартнае пагадненьне да 25 чэрвеня.
У паведамленьні таксама гаворыцца, што легкавыя аўтамабілі лічацца трэцім па велічыні экспартным таварам Грузіі ў Расею. За паўгода адпраўлена 3786 машын на $53 млн. За год экспарт вырас на 274%. Больш аўтамабіляў Грузія экспартуе толькі ў Кіргізстан, Казахстан, Азэрбайджан і Армэнію.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства гандлю ЗША абмежавала экспарт у Расею і Беларусь тэлефонаў, пабытовай тэхнікі і мэдычнага абсталяваньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандаль спынены, а антыдэмпінгавыя працэсы трываюць. Кіеў абвясьціў новыя абмежаваньні на прадукцыю зь Беларусі