Затрымалі трэнэра і адміністратарку горадзенскай футбольнай школы «Нёман»
Сілавікі затрымалі трэнэра Спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву «Нёман» Дзьмітрыя Бельскага, а таксама адміністратарку клюбу СДЮШАР «Нёман» Юлію Арлашыну.
У відэа сілавікоў Дзьмітрыя і Юлію вінавацяць у тым, што яны былі падпісаныя на «экстрэмісцкія» рэсурсы, хоць у структурах «Нёмана» быццам бы «правялі тлумачальную працу».
Для былога спартыўнага дырэктара ФК «Нёман» Дзьмітрыя Кавалёнка гэта скончылася адміністрацыйным пакараньнем і звальненьнем.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 жніўня: у Менску затрымалі ўладальнікаў бару
Жыхара Віцебску затрымалі за дзень да вясельля і адправілі на 10 сутак
У Віцебску за дзень да вясельля да жаніха прыйшлі сілавікі, забралі тэлефон і знайшлі там фота зь бел-чырвона-белым сьцягам, зробленыя ў 2020 годзе. У той самы дзень яго асудзілі на 10 дзён арышту і адразу з суду забралі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, піша «Наша Ніва».
Віцяблянін прасіў адтэрмінаваць выкананьне судовага рашэньня, бо на наступны дзень у яго была прызначанае вясельле. Хоць па заканадаўстве асуджаны мае 10 дзён на абскарджаньне судовай пастановы, хлопцу ў адтэрміноўцы адмовілі. Таксама суд адмовіў і ў выдачы даведкі для ЗАГСу, каб там перанесьлі росьпіс.
Чаму да хлопца прыйшлі, дакладна невядома. Падчас пратэстаў 2020 году яго не затрымлівалі, палітыкай ён цікавіцца мала, сярод інтарэсаў пераважаюць спорт і здаровы лад жыцьця. Нядаўна хлопец вярнуўся з-за мяжы, ён езьдзіў у Польшчу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 ліпеня: У Гомлі за падпіскі ў сацсетках затрымалі 9 чалавек
Баранавічы: год калёніі за тое, што ў прысутнасьці сілавікоў «публічна абразіў Лукашэнку»
Стаў вядомы прысуд жыхару гораду Баранавічы Вячаславу Салодкаму, абвінавачанаму ў публічнай абразе Лукашэнкі паводле ч.1 арт. 368 КК. Справу разглядала судзьдзя Аксана Літвінчык, паведамляе «Вясна».
Паводле матэрыялаў сьледзтва, Вячаслава абвінавацілі ў тым, што ён нібыта ў нецьвярозым стане ў прысутнасьці супрацоўнікаў міліцыі «выказваў фразы, якія зьневажаюць гонар і годнасьць Аляксандра Лукашэнкі».
Запісы зь відэарэгістратараў міліцыянтаў пазьней выкарыстоўваліся ў судзе як доказы вінаватасьці Салодкага. Якімі менавіта словамі выказваўся Вячаслаў — не ўдакладняецца.
«Берасьцейская вясна» знайшла пастанову Баранавіцкага суду на Вячаслава Салодкага ад 9 сакавіка 2023 году. У адміністрацыйным пратаколе было напісана, што «нецьвярозы Салодкі нібыта паводзіў сябе задзірліва, размахваў рукамі, крычаў, чым наўмысна парушыў грамадзкі парадак і спакой грамадзян», чым зьдзейсьніў дробнае хуліганства (артыкул 19.1 КаАП). Судзьдзя Мікалай Кміта прысудзіў за гэта 12 дзён адміністрацыйнага арышту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ГУБАЗіК прымусіў беларуса зьвесьці татуіроўку з цытатай Янкі Купалы