«У сувязі з наяўнасьцю заўвагаў, якія патэнцыйна могуць прывесьці да ўзгараньня аўтобусаў, прынята рашэньне, што ГУП „Пасажыраўтатранс“ зь сёньняшняга дня прыпыняе эксплюатацыю на гарадзкой маршрутнай сетцы 137 аўтобусаў Менскага аўтамабільнага заводу (МАЗ 203047), якія паступілі ў Пецярбург у рамках кантрактаў, заключаных у 2022 годзе», — паведамляе гарадзкая адміністрацыя.
На прадпрыемстве працуе камісія, створаная сумесна з прадстаўнікамі ААТ «МАЗ», выяўленьнем прычын узгараньняў займаецца і расейскае МНС. Зьнятыя з эксплюатацыі аўтобусы вернуць на маршрут толькі пасьля дадатковай праверкі і ўхіленьня дэфэктаў.
Аўтобусы, якія чакаюцца ў рамках новых дамоваў на закуп, заключаных у 2023 годзе, таксама ня прымуць на балянс да ліквідацыі заўваг, паведамляе адміністрацыя Пецярбургу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На МАЗе расказалі, што не адчуваюць «катастрафічнага» ўплыву санкцыйСанкт-Пецярбург замовіў у Менскага аўтамабільнага заводу каля 900 аўтобусаў. Сёлета ў горадзе згарэлі некалькі аўтобусаў МАЗ, за мінулы год вядома пра сама меней 6 выпадкаў узгараньня беларускіх аўтобусаў у Санкт-Пецярбургу. Апошні выпадак узгараньня адбыўся сёлета 26 чэрвеня.
Праблему ўзгараньня аўтобусаў МАЗ нават абмяркоўвалі на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з губэрнатарам Санкт-Пецярбургу Аляксандрам Бягловым.
Нядаўна па сацыяльных сетках разьляцелася відэа беларускага аўтобуса МАЗ, які ў горадзе сталі выкарыстоўваць у якасьці грамадзкай прыбіральні.