Полк імя Кастуся Каліноўскага паведаміў, што правялі цырымонію разьвітаньня з байцом батальёну «Волат», які загінуў у канцы ліпеня адначасова з трыма іншымі беларускімі добраахвотнікамі.
«Мы правялі ў апошні шлях чалавека, які аддаў самае каштоўнае за свае ідэалы — сваё жыцьцё», — адзначаецца ў паведамленьні, апублікаваным у тэлеграм-канале палку імя Кастуся Каліноўскага.
Разьвітаньне адбывалася пад бел-чырвона-белымі сьцягамі і ўкраінскім дзяржаўным сьцягам. Мяркуючы па апублікаваных фота, цырымонія адбывалася ў Кіеўскім крэматорыі.
Дзе пахаваюць, не паведамляецца.
31 ліпеня прэс-служба палку Каліноўскага паведаміла пра сьмерць чатырох байцоў фармаваньня. Перад гэтым грамадзкае аб’яднаньне «Пагоня» паведамляла пра гібель аднаго з сваіх сяброў. Як стала вядома Свабодзе, сябра ГА «Пагоня» — гэта адзін з чатырох загінулых каліноўцаў. Іх імёнаў і пазыўных пакуль не называюць.
Ва Ўкраіне з пачатку поўнамаштабнага расейскага ваеннага ўварваньня загінулі прынамсі 32 беларускія добраахвотнікі, якія ваявалі ў розных фармаваньнях, а з пачатку расейскай агрэсіі супраць Украіны ў 2014 годзе — больш за 40.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Загінулі чацьвёра байцоў палку Каліноўскага