Пра гэта расказаў RMF FM намесьнік міністра замежных справаў Польшчы Павал Яблоньскі. Ён заявіў, што размова зь беларускім дыпляматам у МЗС Польшчы была «вельмі кароткай».
«Мы выказалі рашучы пратэст у сувязі з парушэньнем паветранай прасторы, а таксама з эскаляцыяй дзеяньняў супраць Украіны, бо Беларусь таксама саўдзельніца гэтай вайны», — паведаміў Яблоньскі.
Ён падкрэсьліў, што беларускаму боку былі выказан іншыя прэтэнзіі. Варшава адзначыла зьніжэньне ўзроўню бясьпекі на мяжы ў выніку перамяшчэньня ПВК «Вагнэр», а таксама працягу атак з боку арганізаваных групаў мігрантаў.
«Мы супраць гэтага і будзем абараняцца», – адзначыў Яблоньскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пэнтагоне пракамэнтавалі паветраны інцыдэнт на польска-беларускай мяжы
Паводле польскага боку, 1 жніўня адбылося парушэньне паветранай прасторы Польшчы двума беларускімі гелікоптэрамі, якія праводзілі вучэньні паблізу мяжы.
«Перасячэньне мяжы адбывалася ў раёне Белавежы на вельмі нізкай вышыні, што ўскладняла выяўленьне радарамі, — гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Польшчы. — Таму ў ранішнім паведамленьні Апэратыўнае камандаваньне ўзброеных сілаў паведаміла, што польскія радыёлякацыйныя сыстэмы не зафіксавалі парушэньня паветранай прасторы Польшчы».
Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак загадаў павялічыць колькасьць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя гелікоптэры.
Пра інцыдэнт паведамілі ў NATO.
Міністэрства абароны Беларусі ў адказ заявіла: «Абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА зьяўляюцца надуманымі і былі зроблены польскім вайскова-палітычным кіраўніцтвам для чарговага апраўданьня нарошчваньня сілаў і сродкаў каля беларускай мяжы».
Расьсьледная група «Беларускі Гаюн» зрабіла выснову, што гелікоптэры беларускай арміі маглі заляцець на тэрыторыю Польшчы выпадкова.
Расьсьледнікі сьцьвярджаюць, што да ўчорашняга візыту ў пасёлак Белавескі Лукашэнка ўжо тры дні жыў непадалёк, у рэзыдэнцыі Віскулі на тэрыторыі Белавескай пушчы. Яны сьцьвярджаюць, што Лукашэнка знаходзіцца там і зараз.
«У тым раёне ніякіх вучэньняў не праводзілася. І верталёты да якіх-небудзь вучэньняў дачыненьня не маюць, а лёталі з мэтай аховы Лукашэнкі. Мы лічым, што пілёты верталётаў ВПС РБ маглі цалкам заляцець на тэрыторыю Польшчы, аднак усё паказвае на тое, што гэта было зроблена выпадкова».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра парушэньне мяжы беларускімі верталётамі. Міністэрства абароны Беларусі адмаўляе