Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Пэт Райдэр 1 жніўня пракамэнтаваў інцыдэнт на польска-беларускай мяжы, калі два беларускія вайсковыя гелікоптэры парушылі польскую паветраную прастору.
У сувязі з інцыдэнтам Райдэр нагадаў, што Злучаныя Штаты нязьменна адданыя абароне бясьпекі краін NATO. Па дэталі ён параіў зьвярнуцца ў польскае міністэрства абароны, паведаміла польскае выданьне «Do Rzeczy».
«Чарговы раз паўтару, што мы вельмі сур’ёзна ставімся да бясьпекі NATO. І мы будзем працягваць працаваць з нашымі хаўрусьнікамі ў NATO, каб гарантаваць, што кожны квадратны сантымэтар тэрыторыі NATO застанецца ў бясьпецы», — сказаў прадстаўнік Пэнтагону.
Польшча заявіла напярэдадні аб тэрміновым разьмяшчэньні войскаў ля сваёй усходняй мяжы, абвінаваціўшы Беларусь, найбліжэйшага хаўрусьніка Расеі, у парушэньні польскай паветранай прасторы. Удзень жыхары памежнай Белавежы паведамілі ў сацыяльных сетках, што ў паветраную прастору краіны заляцелі два беларускія гелікоптэры Мі-8 і Мі-24.
Афіцыйны Менск адмаўляў парушэньні, абвінаваціўшы Варшаву ў тым, што суседняя краіна — сябра NATO «прыдумала» абвінавачаньне, каб апраўдаць нарошчваньне колькасьці сваіх войскаў на мяжы.
Міністэрства абароны Польшчы заявіла, што накіроўвае да ўсходняй мяжы «дадатковыя сілы і рэсурсы, у тым ліку баявыя гелікоптэры».
Міністар абароны Польшчы праінфармаваў NATO аб парушэньні мяжы, а ў МЗС краіны для тлумачэньняў выклікалі часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра парушэньне мяжы беларускімі верталётамі. Міністэрства абароны Беларусі адмаўляеПольскія вайскоўцы спачатку адмаўлялі паведамленьні аб парушэньні мяжы, але пазьней, пасьля кансультацыяў, заявілі, што ўварваньне адбылося «на вельмі нізкай вышыні, якую цяжка кантраляваць радарам».
У тэлеграм-канале міністэрства абароны Беларусі заявілі, што Варшава зьмяніла сваю думку аб інцыдэнце, «відаць, пасьля кансультацыяў з сваімі заакіянскімі гаспадарамі».
Аляксандар Лукашэнка дазволіў прэзыдэнту Расеі Уладзіміру Пуціну выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі як пляцоўку для ўварваньня ва Ўкраіну, аднак беларускія вайскоўцы не бяруць непасрэднага ўдзелу ў расейскай агрэсіі.
На мінулым тыдні Пуцін абвінаваціў Польшчу ў тэрытарыяльных паквапах на Беларусь і заявіў, што будзе разглядаць усякі напад на Менск як напад на ўласную тэрыторыю.
Лукашэнка 1 жніўня заявіў, што ўлады Польшчы «павінны дзякаваць» яму за тое, што ён трымае пад кантролем наймітаў з ПВК «Вагнэр», дысьлякаваных у Беларусі. «Вагнэраўцы» перабазаваліся ў Беларусь пасьля няўдалага мяцяжу супраць Крамля, узначаленага заснавальнікам ПВК Яўгеніем Прыгожыным.
З таго часу нявызначаная колькасьць «вагнэраўцаў» перабралася ў Беларусь, пачаўшы трэнаваць войска Лукашэнкі. Польшча ўжо перакінула да сваёй усходняй мяжы дадаткова больш за 1000 вайскоўцаў.
У суботу прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што група з 100 баевікоў «Вагнэра» перабазаваліся ў навакольлі Горадні. Маравецкі заявіў, што сытуацыя стае «ўсё больш небясьпечнай».