«Я пажартаваў, што вагнэраўцы паміж сабой шушукаюцца: на экскурсію ў Жэшаў сходзім», — сказаў Лукашэнка, выступаючы ў Берасьцейскай вобласьці, непадалёк ад мяжы з Польшчай.
Пры гэтым далей у тым жа выступе ён выказаў упэўненасьць у тым, што вагнэраўцы сапраўды могуць напасьці на Польшчу, і зазначыў, што толькі беларускія ўлады іх ад гэтага стрымліваюць. Улады Польшчы, на думку Лукашэнкі, павінны сказаць яму дзякуй «за тое, што мы запрасілі да сябе гэтых байцоў». «Няхай моляцца, што мы трымаем іх, яшчэ неяк забясьпечваем. У адваротным выпадку яны бяз нас пратачыліся б туды і ўламалі б так гэтаму Жэшаву і Варшаве, што мала б не падалося. Таму мяне папракаць ня трэба, а няхай скажуць дзякуй», — заявіў Лукашэнка.
Заявы Лукашэнкі прагучалі ў той жа дзень, калі Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра парушэньне мяжы беларускімі верталётамі. Мінабароны Беларусі гэта адмаўляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства абароны Польшчы заявіла пра парушэньне мяжы беларускімі верталётамі. Міністэрства абароны Беларусі адмаўляеЛукашэнка таксама пракамэнтаваў нядаўняе выказваньне прэм’ер-міністра Польшчы Матэвуша Маравецкага, што больш за 100 наймітаў перадысьлякаваліся да межаў Польшчы і Літвы, да так званага Сувальскага калідора, і рыхтуюць правакацыі. «Ніякіх атрадаў ПВК „Вагнэр“ у 100 чалавек сюды не перамяшчалася. А калі перамяшчаліся, дык толькі для таго, каб перадаць баявы вопыт брыгадам, якія сканцэнтраваныя ў Берасьці і Горадні», — сказаў Лукашэнка, адзначыўшы, што Беларусі «тысячу гадоў не патрэбны» Сувальскі калідор. Паводле яго слоў, найміты нібыта навучаюць беларускіх вайскоўцаў бясплатна.
«Знаходзячыся пад Асіповічамі, у цэнтры Беларусі, гэтыя хлопцы нікуды не імкнуцца. Яны прывыклі выконваць загад», — сказаў Лукашэнка.
Лукашэнка таксама сказаў, што ў краіну прывезена ўжо больш за палову расейскай ядзернай зброі, якую заплянавана разьмясьціць у Беларусі.