Павал Латушка напісаў у Twitter, што «НАУ выявіла больш за 50 дзяцей-сірот з 15 акупаваных украінскіх гарадоў, незаконна вывезеных у Беларусь», трое зь якіх «перададзены на ўсынаўленьне ў Расею».
Упаўнаважаны Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека 31 ліпеня апублікаваў у Facebook заклік да міжнароднай супольнасьці «зьвярнуць увагу на злачынствы, якія пастаянна ўчыняе Расея ў адносінах да ўкраінскіх дзяцей, і прыняць неадкладныя меры для спыненьня грубых парушэньняў норм міжнароднага права». Лукашэнка ў гэтым кантэксьце ня згадваецца.
Раней НАУ падрыхтавала справаздачу па фактах перамяшчэньня ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. 27 чэрвеня палітычная структура паведаміла, што «доказы ваенных злачынстваў», фігурантам якіх указаны Лукашэнка, перададзены ў Міжнародны крымінальны суд (МУС) у Гаазе.
Камітэт Эўрапейскага парлямэнту па замежных справах 18 ліпеня ўхваліў даклад, у якім заклікаў МУС выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. Даклад будзе прадстаўлены Эўрапарлямэнту на зацьвярджэньне ў верасьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ня ўтойваюць, што ўкраінскія дзеці праходзяць «патрыятычнае выхаваньне» ў беларускіх летніках ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі заявілі, што вывезьлі з Украіны больш за паўмільёна дзяцей, у тым ліку зь цяжкімі паталёгіямі