Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) абмяркуе з польскім бокам захаваньне гуманітарных калідораў для беларусаў у выпадку, калі мяжа зь Беларусьсю будзе цалкам закрытая.
Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка АПК Павел Латушка, піша «Позірк».
З словаў Латушкі, 29 ліпеня ён зьвязаўся з прадстаўніком Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.
«Я зьвярнуўся з просьбай, каб у крытычнай сытуацыі — прыняцьці рашэньня аб закрыцьці памежнага руху — застаўся гуманітарны калідор», — паведаміў ён.
У АПК таксама папрасілі працоўную сустрэчу ў МУС і МЗС Польшчы у гэтым пытаньні.
Латушка анансаваў сустрэчы з уладамі іншых краін ЭЗ, каб дабіцца захаваньня гуманітарных калідораў для беларусаў у разе закрыцьця межаў.
Днямі міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што, калі ў прымежжы адбудуцца сурʼёзныя інцыдэнты з удзелам ПВК «Вагнэр», Польшча, Латвія і Літва могуць закрыць межы зь Беларусьсю.
Пазьней прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі паведаміў, што частка наймітаў «Вагнэра» выйшла ў бок «Сувальскага калідору».
На гэты момант амаль усе пункты пропуску на мяжы Беларусі з Польшчай ужо закрытыя, застаўся толькі памежны пераход «Берасьце» (з польскага боку — «Тарэспаль») для пасажырскага транспарту і «Казловічы» («Кукурыкі») для грузавога.
Пункт пропуску «Кузьніца Беластоцкая» (сумежны ПП «Брузгі» ў Горадзенскай вобласьці) Польшча закрыла ў лістападзе 2021 года праз атаку нелегальных мігрантаў. У лютым 2023-га, пасьля прысуду Андрэю Пачобуту ў Горадні, польскі бок закрыў і пункт пропуску «Баброўнікі».
Мяжа з Літвой і Латвіяй пакуль адкрытая цалкам. Але ў Літве раней ужо заяўлялі, што гатовыя закрыць мяжу зь Беларуссю «ў выпадку зьмены ўзроўню пагрозаў у рэгіёне». Таксама гаварылася, што пасажырскія аўтобусныя рэйсы ў Беларусь могуць скасаваць праз пагрозы нацыянальнай бясьпецы Літвы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер-міністар Польшчы заявіў аб перакідваньні звыш 100 «вагнэраўцаў» да Сувалкскага калідору ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы да падразьдзелаў па ахове мяжы зь Беларусьсю далучылі вайсковых снайпэраў