Палітзьняволенага Дзяніса Гузава абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Рубахава.
Паводле абвінавачаньня, Гузаў у ноч з 9 на 10 жніўня 2020 году разам зь іншымі асобамі нібыта «парушаў грамадзкі парадак, не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі, выходзіў на праезную частку вуліц, замінаў працы грамадзкага транспарту».
Судовы працэс прайшоў яшчэ 27 красавіка. Гузава прызналі вінаватым і асудзілі на 2 гады «хіміі» (абмежаваньне волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 31 ліпеня: У Гомлі за падпіскі ў сацсетках затрымалі 9 чалавекВіцебскага грамадзкага дзеяча Барыса Хамайду арыштавалі на 15 дзён
Хамайду затрымалі на чыгуначнай станцыі Бігосава 28 ліпеня, калі той накіроўваўся ў пілігрымку ў вёску Росіца. Суд, паводле «Нашай нівы», адбыўся ў судзе Верхнядзьвінскага раёну, але невядома, паводле якога артыкулу.
Барысу Хамайду 75 гадоў. Яго шмат разоў затрымлівалі раней ў Віцебску і штрафавалі на буйныя сумы за распаўсюд незалежнай прэсы і пікеты, у тым ліку ў абарону беларускай мовы.
Хамайда — вернік-уніят. У вёсцы Росіца штогод адбываецца памятная акцыя ў гонар двух ксяндзоў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры, спаленых нацыстамі ў 1943-м у касьцёле разам з парафіянамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 28 ліпеня: у Жлобіне асудзілі сужэнцаў за ўдзел у пратэстахСілавікі затрымалі ўладальніцу бару і яе мужа
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што муж уладальніцы менскага бару «Перасьмешнік» — грамадзянін Расеі — удзельнічаў у акцыях пратэсту ў 2020 годзе, сыгналіў на машыне ў знак салідарнасьці з пратэстоўцамі, а дома захоўваў 4 бел-чырвона-белыя сьцягі, паведамляе «Вясна».