«У першым паўгодзьдзі 2023-га мытнікі падчас дасудовых расьсьледаваньняў затрымалі 6 млн 458 тыс. пачкаў кантрабандных цыгарэт. Таксама затрымана 32 тоны тытуню. У параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году колькасьць тытунёвай кантрабанды павялічылася амаль удвая. Кошт канфіскаваных за паўгода цыгарэт і тытуню перавышае 26 млн эўра», — прыводзіць інфармацыю КМС партал тэлерадыёкампаніі LRT.
Паводле зьвестак ведамства, калі раней у адным грузавіку маглі перавозіць 100–200 скрынь кантрабандных цыгарэт, цяпер партыя «можа зьмяшчаць ад 500 да 1000 скрынь».
«Рэкорд гэтага году — 2 тысячы скрынь цыгарэт, што складае паўмільёна пачкаў. Кантрабандныя цыгарэты хаваюць у пярэдняй частцы паўпрычэпаў, у тайніках, устаноўленых на падлозе, або маскіруюць пад груз, які афіцыйна перавозіцца», — заявіў прадстаўнік КМС па сувязях з грамадзкасьцю Гедымінас Кулікаўскас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі групу, якую падазраюць у кантрабандзе 18,8 мільёна пачкаў беларускіх цыгарэтПаводле яго слоў, раней цыгарэты часта хавалі «ў так званых „трунах“ — тайніках у паражнінах піламатэрыялаў». Калі ў дачыненьні да гэтай беларускай прадукцыі ўвялі санкцыі, тытунёвую кантрабанду сталі маскіраваць «незвычайнымі спосабамі — агуркамі і торфам», выдаваць за тавары, якія хутка псуюцца.
«Часам у якасьці прыкрыцьця выкарыстоўваюць шакаляд і цукеркі», — дадаў прадстаўнік ведамства.
Акрамя таго, зазначыў Кулікаўскас, «адным з галоўных трэндаў у статыстыцы затрыманай кантрабанды ў 2023 годзе сталі наяўныя грошы». Украінскія грыўні, якія спрабуюць правезьці ў Літву «асобы, якія ідуць зь Беларусі, звычайна перахопліваюцца». Мытнікі падазраюць, што гэтыя грошы «маглі быць скрадзеныя на тэрыторыі Ўкраіны падчас нападу Расеі».
«Раней кантрабанды гатоўкі практычна не было. Сёньня гэта рэчаіснасьць вайны ва Ўкраіне і зьвязаных зь ёю выклікаў. У 2023 годзе было канфіскавана ўкраінскіх грыўняў на суму каля 2 мільёнаў эўра. У першым паўгодзьдзі 2022 [абʼём такой кантрабанды] склаў усяго 12 тысяч эўра», — зьвярнуў увагу прадстаўнік КМС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі групу, якую падазраюць у кантрабандзе 18,8 мільёна пачкаў беларускіх цыгарэт