Офіс Ціханоўскай распрацаваў Канцэпцыю рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсіяў рэжыму Лукашэнкі

Сьвятлана Ціханоўская і Крысьціна Рыхтэр, архіўнае фота

Дакумэнт абяцаюць неўзабаве вынесьці на грамадзкае абмеркаваньне.

Канцэпцыя рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій рэжыму Аляксандра Лукашэнкі найбліжэйшым часам будзе вынесеная на грамадзкае абмеркаваньне, паведаміла BPN Крысьціна Рыхтэр — дарадца па прававых пытаньнях беларускага дэмакратычнага лідэра Сьвятланы Ціханоўскай.

Паводле яе слоў, дакумэнт, распрацаваны офісам дэмлідэра разам з экспэртамі, юрыстамі, праваабаронцамі з улікам міжнароднага досьведу ў частцы рэабілітацыі, ахоплівае пэрыяд з моманту прынясеньня Лукашэнкам прэзыдэнцкай прысягі 20 ліпеня 1994 году і да сёньняшніх дзён.

Канцэпцыю ўжо абмеркавалі з прадстаўнікамі розных беларускіх арганізацый, паведаміла Рыхтэр.

«Мэтай шырокага грамадзкага абмеркаваньня зьяўляецца разуменьне, што з нашымі падыходамі згодныя, што канцэпцыя можа выкарыстоўвацца як аснова, правілы падыходу да рэабілітацыі, — сказала яна. — Мы будзем зьбіраць меркаваньні, дапаўняць канцэпцыю ці нешта выключаць зь яе. Гэта жывы дакумэнт».

Дарадца Ціханоўскай адзначыла, што дакумэнт вызначае ахвярамі рэпрэсій Лукашэнкі ня толькі палітычных зьняволеных, але і вымушаных палітычных мігрантаў, людзей, звольненых і выключаных з унівэрсытэтаў з палітычных матываў, пазбаўленых на радзіме права на прафэсію (у тым ліку адвакатаў, журналістаў, супрацоўнікаў НДА, культурных дзеячоў, выкладчыкаў) і інш.

У канцэпцыі таксама прапісана, хто і па якіх крытэрыях будзе вызвалены з турмаў, калі гэта стане магчымым.

«Мы імкнуліся ўключыць у гэтую катэгорыю максымальна вялікую колькасьць людзей, якія знаходзяцца за кратамі, з улікам [таго], што ня ўсе зьняволеныя з палітычных матываў з шэрагу прычын прызнаныя праваабарончымі арганізацыямі палітвязьнямі», — патлумачыла Рыхтэр.

Паводле яе слоў, дакумэнт дазволіць «зафіксаваць маштабы рэпрэсій, узровень парушэньня правоў чалавека і вызначыць шляхі аднаўленьня правоў пацярпелых».

«Для кагосьці гэта будзе бія-, псыхасацыяльная мадэль рэабілітацыі, для кагосьці вяртаньне ўласнасьці або грашовая кампэнсацыя за яе. Камусьці неабходна сатысфакцыя ў выглядзе прызнаньня, што яны пацярпелі ад рэжыму», — дадала яна.

Рыхтэр канстатавала, што «аднавіць чалавека ў правах можа толькі дзяржава, якая іх адабрала». Разам з тым працэс сацыяльнай рэабілітацыі палітвязьняў, якія выходзяць зь месцаў несвабоды, ужо ідзе, асобныя палажэньні канцэпцыі, разьлічанай у цэлым на пераходны пэрыяд, могуць выкарыстоўвацца цяпер.

«Для былых палітвязьняў востра стаіць пытаньне вяртаньня ў сацыяльнае жыцьцё. Людзям трэба зарыентавацца — дзе працаваць, вучыцца. І калі ім дапамагаюць інтэгравацца, аднавіцца псыхалягічна, гэта і ёсьць рэабілітацыя, якая з дапамогай НДА ўжо адбываецца, але пакуль не сыстэмна. Хацелася б зрабіць гэты працэс яшчэ больш якасным і ўстойлівым», — адзначыла дарадца Ціханоўскай.

Рэабілітацыя патрабуе «значных выдаткаў», прызнала Рыхтэр, падкрэсьліўшы, што пытаньні фінансаваньня па-за яе кампэтэнцыяй. Магчымыя крыніцы фінансаваньня будуць адлюстраваныя ў дакумэнце, сказала яна.

Паводле яе слоў, важна загадзя распрацоўваць канцэпцыі ў розных напрамках жыцьця грамадзтва, бо «пасьля адыходу Лукашэнкі перамены будуць адбывацца вельмі хутка» і трэба будзе «хутка арыентавацца ў тым, што адбываецца».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым хоча, каб палітвязьні сталі звычайнымі крымінальнікамі без падтрымкі». 10 нязручных пытаньняў да ініцыятаркі маратону салідарнасьці
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На маратоне салідарнасьці для палітвязьняў сабралі больш як паўмільёна эўра