Міністэрства энэргетыкі апраўдалася за «масавыя дэфэкты» на БелАЭС

БелАЭС

У інтэрнэце «зьявіліся табліцы аб працах на БелАЭС, якія асобныя інтэрнэт-рэсурсы інтэрпрэтавалі як масавыя дэфэкты, спрабуючы чарговы раз выставіць праект па ўзьвядзеньні атамнай станцыі ў нэгатыўным ключы», — гаворыцца ў тэлеграм-канале Міністэрства энэргетыкі.

У табліцах, на якія спасылаецца Міністэрства, пералічана каля 17 тысяч дэфэктаў і сьцьвярджаецца, што на пачатак 2022 году на другім блёку БелАЭС было яшчэ амаль 4000 дэфэктаў.

Міністэрства цьвердзіць, што «за шматлікімі лічбамі крыецца звычайны працоўны працэс — у табліцах прадстаўленыя тыднёва-сутачныя заданьні для падрадных арганізацый, якія задзейнічаныя ў праекце», робіцца гэта для «дэталёвага маніторынгу тэрмінаў і якасьці выкананьня работ» і «большасьць з прадстаўленых у іх пунктаў даўно выкананая і ўжо неактуальная».

  • Беларуская АЭС узводзіцца паблізу Астраўца пераважна за кошт крэдыту Расеі па расейскім праекце. Генэральным праекціроўшчыкам і генпадрадчыкам выступае кампанія, якая зьяўляецца часткай «Расатама».
  • Першы блёк атамнай станцыі пачаў выдаваць электрычнасьць 3 лістапада 2020 году. Другі энергаблёк праходзіць этап досьледна-прамысловай эксплуатацыі. У верасьні плянуецца правесьці грамадзкія слуханьні па ўводзе другога блёка ў прамысловую эксплуатацыю, якая заплянаваная на кастрычнік 2023 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы накіравала Беларусі ноту з патрабаваньнем спыніць адзін з двух рэактараў Астравецкай АЭС