Папа Рымскі Францішак заклікаў улады Расеі вярнуцца да выкананьня пагадненьня аб экспарце ўкраінскага збожжа марскім шляхам, нягледзячы на працяг баявых дзеяньняў ва Ўкраіне.
«Я зьвяртаюся да маіх братоў, уладаў Расейскай Фэдэрацыі, з заклікам да аднаўленьня Чарнаморскай ініцыятывы і магчымасьці бясьпечнага транспартаваньня ўкраінскага збожжа», — заявіў ён у сваім пасланьні ў Ватыкане, паведамляе Vatican News.
Таксама папа Францішак заклікаў «не забываць маліцца за Ўкраіну, дзе вайна прыводзіць да разбурэньня ўсяго, нават збожжа».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Джон Кірбі: ЗША і саюзьнікі шукаюць іншыя шляхі для вывазу збожжа з Украіны- 17 ліпеня Крэмль заявіў аб спыненьні дзеяньня Чарнаморскага збожжавага пагадненьня, заключанага ў ліпені 2022 года асобна Расеяй і Украінай з ААН і Турэччынай у Стамбуле.
- Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 19 ліпеня сказаў, што, нягледзячы на заяву Расеі аб спыненьні ўдзелу ў «збожжавай угодзе», Кіеў можа прадоўжыць экспарт збожжа. Ён заявіў, што чакае ад генсакратара ААН Гутэрыша «практычных дзеяньняў па працягу дзеяньня Чарнаморскага збожжавага калідора» без удзелу Расеі, а таксама мае намер абмеркаваць з турэцкім лідэрам Рэджэпам Эрдаганам, што рабіць, каб запэўніць бясьпеку збожжавага калідора.
- 19 ліпеня Мінабароны Расеі заявіла, што з 20 ліпеня ўсе судны, якія рухаюцца ў акваторыі Чорнага мора ва ўкраінскія парты, будуць разглядацца ёй як патэнцыйныя перавозчыкі вайсковых грузаў. Краіны, пад сьцягамі якіх ходзяць гэтыя судны, будуць лічыцца ўцягнутымі ў канфлікт на баку кіеўскага рэжыму. Украіна ў адказ таксама заявіла, што будзе разглядаць усе судны ў Чорным моры, якія ідуць у расейскія парты ці часова акупаваныя РФ украінскія парты, як судны, што перавозяць грузы ваеннага прызначэньня.
- Пасьля выхаду са збожжавага пагадненьня Расея ўзмацніла атакі па поўдні Ўкраіны, у прыватнасьці партовай інфраструктуры Адэшчыны. Міністар інфраструктуры Ўкраіны Аляксандар Кубракоў 26 ліпеня заявіў, што Расея за апошнія 9 дзён сваімі ўдарамі пашкодзіла і часткова зьнішчыла 26 аб’ектаў партовай інфраструктуры і пяць грамадзянскіх судоў. Паводле Кубракова, Масква таксама абмяжоўвае суднаходзтва ў раёне акупаванага Крыму і тэрытарыяльных водаў Баўгарыі, такім чынам блякуючы рух суднаў у марскія парты Украіны.