Замежным банкам дадуць доступ да сыстэмы АРІП, каб беларусы за мяжой маглі аплочваць камуналку і штрафы

Ілюстрацыйнае фота

У сыстэму «Разьлік» (АРІП) хочуць укараніць спэцыяльны вэб-сэрвіс, які дапаможа тым, хто жыве за мяжой, аплочваць штрафы, дзяржаўныя пошліны і нават камунальныя паслугі ў Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе, апублікаваным на афіцыйным сайце Нацбанка, заўважыла «Зеркало».

«Павелічэньне долі плацяжоў, якія прымаюцца ў АРІП, у т.л. па аплаце нерэзыдэнтамі жыльлёва-камунальных паслуг, будзе зьвязана з рэалізацыяй сэрвісаў, накіраваных на забесьпячэньне прамога ўзаемадзеяньня плацежнай сыстэмы ў АРІП з платнікам. Распрацоўка вэб-сэрвісу па прыёме анлайн-плацяжоў інтэрнэт-карыстальнікаў незалежна ад наяўнай у іх аплатнай прылады забясьпечыць нерэзыдэнтам доступ да ажыцьцяўленьня плацяжоў», — гаворыцца ў дакладзе.

Там таксама адзначана, што ў Беларусі будуць працаваць над па прыцягненьнем у якасьці разьліковых агентаў АРІП банкаў-нерэзыдэнтаў.

Простымі словамі, гэта значыць, што беларусы за мяжой змогуць аплочваць штрафы, дзяржаўныя пошліны і камунальныя паслугі ў Беларусі карткамі замежных банкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Камуналка вырасла амаль утрая»: як улады Беларусі помсьцяць эмігрантам

Калі грамадзянін Беларусі ня плаціць падаткаў і выехаў за мяжу з 1 сакавіка 2022 году больш як на 30 дзён, улады вырашылі браць зь яго павышаную камуналку. Павышаную таму, што ў Беларусі дзяржава нібыта аплачвае частку камунальных паслуг за людзей. Некаторыя беларусы, якія выехалі за мяжу, расказвалі Свабодзе, што камунальныя паслугі для іх вырасьлі амаль утрая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыстэма АРІП пачала прадаваць зьвесткі пра сваіх кліентаў