У адпаведнасьці з рашэньнем міністра абароны Беларусі праводзіцца дадатковы набор у вайсковыя навучальныя ўстановы Міністэрства абароны Расеі, паведамляецца на сайце беларускага Мінабароны.
У паведамленьні адзначаецца, што набор у расейскія вайсковыя навучальныя ўстановы праводзіцца «ў інтарэсах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь».
Беларусам прапануюць паступіць у
- Міхайлаўскую вайсковую артылерыйскую акадэмію,
- Вайсковы ўнівэрсытэт радыёэлектронікі,
- Разанскую гвардзейскую вышэйшую паветрана-дэсантную камандную вучэльню,
- Новасібірскую вышэйшую вайсковую камандную вучэльню,
- Цюменскую вышэйшую вайскова-інжынэрную камандную вучэльню,
- філіял Вайсковай акадэміі матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня.
Адборам і прыёмам дакумэнтаў займаецца Вайсковая акадэмія Рэспублікі Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вагнэраўцы пачалі падрыхтоўку сапэраў, хімікаў, а таксама байцоў унутраных войскаў Беларусі- Колькасьць узброеных сіл Беларусі застаецца прыблізна роўнай на працягу многіх гадоў і складае каля 65 тысяч чалавек, зь іх каля 45 тысяч вайскоўцаў і 15 тысяч — цывільны пэрсанал. Пры гэтым беларускія Ўзброеныя сілы не дасягаюць дазволенага ліміту. Згодна з Дамовай аб абмежаваньні звычайных узбраеньняў, беларускае войска мае права быць павялічанай да 100 тысяч вайскоўцаў, 1800 танкаў, 2600 браняваных баявых машын, 1615 артылерыйскіх сыстэм, 294 самалётаў і 80 ударных верталётаў.
- Згодна з рэйтынгам Global Firepower 2023, Беларусь па сукупнай ваеннай моцы займае 60-е месца з 145 краінаў сьвету. Для параўнаньня — Украіна на 15-м радку, а Расея — на другім.
- Па сваёй структуры беларускія Ўзброеныя сілы складаюцца з сухапутных войскаў, вайскова-паветраных сіл і войскаў СПА, а таксама сіл спэцыяльных апэрацый. Усе гэтыя віды войскаў падпарадкоўваюцца непасрэдна Генштабу. Яшчэ ў войска Беларусі ёсьць транспартныя войскі і тэрытарыяльная абарона.
- У траўні 2022 году Лукашэнка з улікам «нэгатыўнага ўкраінскага досьведу» паставіў Мінабароны задачу стварыць народнае апалчэньне, якое ў выпадку ваенных дзеяньняў «можа трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзэрвай для тэрытарыяльнай абароны». Паводле разьлікаў Мінабароны, у народнае апалчэньне могуць увайсьці 100–150 тысяч чалавек. Чальцам «народнага апалчэньня» выдаюць стралковую зброю.
- 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што байцоў беларускіх войскаў тэрытарыяльнай абароны цяпер трэнуюць найміты ПВК «Вагнэр». Пасьля вагнэраўцы таксама пачалі падрыхтоўку сапэраў, хімікаў і байцоў унутраных войскаў Беларусі.