Апошнія санкцыі ЭЗ супраць рэжыму ў Беларусі — гэта ў асноўным прапановы адной дзяржавы

Варшава

Апошнія санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму ў Беларусі — гэта ў асноўным прапановы з Варшавы. Пра гэта ў інтэрвію Польскаму радыё расказаў амбасадар Польшчы ў ЭЗ Анджэй Садась.

Ён прызнаў, што ў Польшчы былі яшчэ больш амбіцыйныя прапановы, але адносна іх не было адзінства. Садась падкрэсьліў, што ў гэты пакет важна было ўключыць санкцыі ў дачыненьні да тых, хто вынес прысуд Анджэю Пачобуту:

«Усе асобы, якія мелі дачыненьне да ганебнага зьняволеньня Анджэя Пачобута апынуліся ў санкцыйных сьпісах. Але там апынуліся і іншыя прадстаўнікі беларускага рэжыму. Пазыцыя Польшчы значна больш амбіцыйная, мы б хацелі ахапіць санкцыямі значна больш гаспадарчых сэктараў Беларусі. Але тут гаворка пра палітычны сыгнал. Мы б хацелі больш, але тое, што прынята, таксама значнае». — сказаў пасол.

Апошні раз Эўразьвяз уводзіў санкцыі супраць Беларусі больш за год таму. Пад ціскам у асноўным Польшчы і Літвы Эўракамісія ў канцы студзеня прадставіла праект абмежаваньня, аднак перамовы зайшлі ў тупік, бо група краін на чале з Партугаліяй спачатку запатрабавала зьмякчэньня раней уведзеных санкцый і запатрабавала выключэньня са сьпісу беларускага калію.

Улады ў Варшаве і Вільні не хацелі на гэта пагаджацца, матывуючы гэта тым, што гэта галоўны экспартны прадукт рэжыму ў Беларусі. У рэшце рэшт гэтая пазыцыя перамагла. Новыя санкцыі ёсьць, а старыя не паслабленыя, падкрэсьлівае Польскае радыё.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя санкцыі ЭЗ адносна Беларусі — забарона на экспарт зброі і тавараў падвойнага прызначэньня