Уласьнік расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын назваў вайсковы пераварот у Нігеры вынікам барацьбы з калянізатарамі і прапанаваў сваіх наймітаў для навядзеньня парадку ў краіне.
Як паведаміла агенцтва Reuters, такое галасавое паведамленьне было распаўсюджана вечарам 27 ліпеня ў тэлеграм-каналах, зьвязаных з ПВК «Вагнэр» і Прыгожыным.
«Тое, што адбылося ў Нігеры, — гэта ня што іншае, як барацьба народа Нігера з калянізатарамі. З калянізатарамі, якія спрабуюць навязаць ім свае правілы жыцьця і іх умовы і захаваць іх у стане, у якім была Афрыка сотні гадоў таму», — гаварылася ў паведамленьні.
Паводле агенцтва, голас у паведамленьні нагадваў характэрную для Прыгожына інтанацыю, хоць і немагчыма з упэўненасьцю сьцьвярджаць, што гэта менавіта ўласьнік ПВК «Вагнэр».
«Сёньня гэта фактычнае здабыцьцё іх незалежнасьці. Астатняе, без сумневу, будзе залежаць ад грамадзян Нігера і ад таго, наколькі эфэктыўным будзе кіраваньне, але галоўнае: яны пазбавіліся ад калянізатараў», — гаворыцца ў галасавым паведамленьні.
Пакуль застаецца незразумелым, хто кіруе Нігерам пасьля таго, як увечары 26 ліпеня салдаты абвясьцілі пра вайсковы пераварот і затрымалі прэзыдэнта Махамэда Базума ў прэзыдэнцкім палацы.
Нігер, адна з самых бедных краін у сьвеце, хоць і валодае аднымі з найбуйнейшых радовішчаў урану, абвясьціў поўную незалежнасьць ад Францыі ў 1960 годзе.
Галасавое паведамленьне стала апошняй прыкметай таго, што Прыгожын і яго людзі хочуць пашыраць сваю дзейнасьць і застаюцца актыўнымі ў Афрыцы, дзе яны ўсё яшчэ маюць кантракты на ахову ў некаторых краінах, такіх як Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР).
Выглядае, што 62-гадовы Прыгожын працягвае карыстацца свабодай перамяшчэньня, нягледзячы на тое, што ў чэрвені Крэмль заявіў, што ён разам са сваімі наймітамі пераедзе ў Беларусь.
На відэазапісе, апублікаваным раней у ліпені, ён казаў сваім людзям у Беларусі, што ім варта сабрацца зь сіламі для «новага падарожжа ў Афрыку».
Журналісты адзначаюць, што публікацыя галасавога паведамленьня супала з абнародаваньнем прынамсі дзьвюх фатаграфій, якія сьведчылі пра сустрэчы Яўгенія Прыгожына з афрыканскімі ўдзельнікамі двухдзённага саміту Расея — Афрыка ў Санкт-Пецярбургу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайскоўцы ў Нігеры заявілі аб зьвяржэньні прэзыдэнта і закрыцьці межаў дзяржавыМіністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 27 ліпеня заявіў, што канстытуцыйны парадак у Нігеры павінен быць адноўлены.
На думку аналітыкаў, зьяўленьне Прыгожына сьведчыць пра тое, што яго прыватная вайсковая кампанія будзе працягваць адыгрываць пэўную ролю ў прасоўваньні праграмы вонкавай палітыкі Крамля ў Афрыцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнта Нігера заблякавалі ва ўласным палацы салдаты яго ж гвардыі- Нігер — былая француская калёнія, у якой 95% насельніцтва вызнае іслам.
- Краіна атрымала незалежнасьць ад Францыі ў 1960 годзе.
- Апошнім часам Нігер стаў найважнейшым саюзьнікам заходніх дзяржаў, якія імкнуцца дапамагчы ў барацьбе з паўстанцамі, а таксама ключавым партнэрам Эўрапейскага Зьвязу ў барацьбе зь нелегальнай міграцыяй з краін Афрыкі.