Перамовы, у выніку якіх Лукашэнка вызваліў бы палітвязьняў, малаверагодныя, — экспэртка Кацярына Глод

Турма ў Горадні, архіўнае фота

Эўразьвяз пасьля гадавога перапынку прымае новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.

Кацярына Глод, палітычны аналітык, супрацоўніца Цэнтру аналізу эўрапейскай палітыкі (Center for European Policy Analysis, Лёндан) адказвае на пытаньне, чаму Эўразьвяз пасьля гадавога перапынку прымае новыя санкцыі супраць менскага рэжыму, расказвае, як ставяцца заходнія палітыкі і экспэрты да ролі Лукашэнкі ў вайне, і скептычна выказваецца пра магчымасьць перамоваў зь Менскам наконт палітвязьняў.

Сьцісла

  • На Захадзе пераважная частка экспэртаў і аналітыкаў разумее, што большасьць беларусаў не падтрымліваюць вайну.
  • Перамовы, у выніку якіх Лукашэнка вызваліць палітвязьняў, малаверагодныя.
  • У абароннай і ваенна-стратэгічнай палітыцы Лукашэнка цалкам несамастойны, ён марыянэтка Крамля і робіць тое, што яму загадае Пуцін.
  • Пуцін думае пра новы этап гібрыднай вайны супраць Захаду.

— 26 ліпеня амбасадары Эўразьвязу ўхвалілі новыя санкцыі супраць афіцыйнага Менску. Інфармацыю пра гэта са сваіх крыніцаў у Брусэлі атрымаў эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк. Рашэньне пра санкцыі маюць апублікаваць цягам наступных некалькіх дзён. Апошні раз санкцыі Эўразьвязу супраць менскага рэжыму прымаліся год таму, у чэрвені 2022-га. Пасьля гэтага была паўза, і вось цяпер яна, як выглядае, скончылася. Пра што гэта сьведчыць? Ці можна сказаць, што Эўразьвяз чакаў ад Менску нейкіх крокаў і, не дачакаўшыся, вярнуўся да палітыкі ўзмацненьня санкцыяў?

— Варта адзначыць некалькі момантаў. Па-першае, раней санкцыі ўводзіліся адносна канкрэтных дзеяньняў рэжыму Лукашэнкі. Спачатку — адразу пасьля выбараў, потым — у сувязі з прымусовай пасадкай самалёта з Раманам Пратасевічам, пазьней — у сувязі зь мігранцкім крызісам, арганізаваным менскім рэжымам, яшчэ пазьней — у сувязі з удзелам Менску ў агрэсіі Расеі супраць Украіны.

Кацярына Глод

Але, пачынаючы ад кастрычніка 2022 году, Беларусь значна зьменшыла ўзровень свайго ўдзелу ў вайне. Калі да гэтага з тэрыторыі Беларусі запускаліся ракеты, у краіне лячылі расейскіх вайскоўцаў, накіроўвалі Расеі ўзбраеньне і амуніцыю — то на цяперашні момант засталіся толькі палітычная падтрымка і навучаньне расейскіх вайскоўцаў. Таму Эўразьвяз і не прымаў новых санкцый — бо не было важкай прычыны іх прымаць.

Тое, што цяпер прымаюцца новыя санкцыі, сьведчыць пра тое, што Беларусь застаецца ў фокусе ўвагі эўрапейскіх палітыкаў. Гэта, вядома, не такая вялікая ўвага, якая аддаецца Ўкраіне, але мы ня можам казаць, што на Беларусь зусім забыліся.

Трэба таксама заўважыць, што ЗША і Эўразьвяз працягваюць на практыцы вывучаць эфэктыўнасьць сваіх санкцыяў. Раней было няшмат міжнароднага досьведу таго, як такія санкцыі могуць працаваць. Усе эканамісты і адмыслоўцы кажуць, што патрэбен пэўны час, каб эфэкт гэтых санкцыяў стаў адчувальны. Да таго ж і Расея, і Беларусь актыўна спрабуюць абыходзіць гэтыя санкцыі самымі рознымі шляхамі. І трэба ўвесь час шукаць спосабы прадухіліць абыход санкцыяў. Экспэрты кажуць, што цяпер патрэбныя нават ня новыя санкцыі, а крокі, якія спыняюць гэтыя хітрыкі з абыходам дзейных санкцыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя санкцыі ЭЗ адносна Беларусі — забарона на экспарт зброі і тавараў падвойнага прызначэньня

— Якраз новы пакет санкцыяў прымаецца супраць тавараў падвойнага прызначэньня — дзе, магчыма, і здаралася найбольш гэтых «абыходаў». Тое, што зараз пасьля перапынку зноў прымаюцца новыя санкцыі — гэта азначае, што на фоне падзеяў вакол ядзернай зброі і зьяўленьня ПВК «Вагнэр» у Беларусі Эўропа вырашыла, што Менск «заслужыў» узмацненьне санкцыяў?

— Я мяркую, што ядзерная зброя і вагнэраўцы сталі апошняй кропляй, бо санкцыі не прымаюцца за адзін дзень, і відавочна, што гэтае рашэньне рыхтавалася даўно. Відавочна, былі і ўнутраныя спрэчкі ўнутры Эўразьвязу — бо частка краінаў настойвае на тым, каб санкцыі супраць Беларусі былі такія ж самыя, настолькі ж моцныя, што і супраць Расеі, — але іншыя краіны з гэтым не пагаджаюцца.

Мы, беларускія экспэрты на Захадзе, увесь час падкрэсьліваем, што беларуская грамадзкая думка адрозьніваецца ад расейскай. І на Захадзе гэта большасьць экспэртаў і аналітыкаў ужо разумее. Разумее, што большасьць беларусаў не падтрымлівае вайну. І гэта ўплывае на санкцыі. Бо палітыкі ня хочуць пакараць тых беларусаў, якія выступаюць супраць вайны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэжым хоча, каб палітвязьні сталі звычайнымі крымінальнікамі без падтрымкі». 10 нязручных пытаньняў да ініцыятаркі маратону салідарнасьці

— У ліпені ПА АБСЭ прыняла рэзалюцыю аб прызнаньні «мяккай анэксіі» Беларусі Расеяй. Беларускія апазыцыйныя палітыкі ўвогуле заклікаюць прызнаць Беларусь акупаванай дзяржавай. Але, як мне падаецца, на сёньня кіраўнікі эўрапейскіх дзяржаваў і выканаўчыя структуры Эўразьвязу на гэта ня пойдуць?

— Я з вамі згодная. Па-першае, Лукашэнка, хоць і лічыцца нелегітымным кіраўніком, сам папрасіў аб прысутнасьці расейскіх войскаў у Беларусі. Калі б расейцы прыйшлі бяз згоды Менску, гвалтоўна скінулі законную ўладу ў краіне, гэта было б акупацыяй.

Па-другое, Эўрапарлямэнт не вызначае замежную палітыку Эўразьвязу, ён прымае маральныя і палітычныя заклікі, але не рашэньні, якія выклікаюць пэўныя абавязковыя дзеяньні. На сёньня няма нейкіх прававых падставаў, міжнародных экспэртызаў, каб прызнаць Беларусь акупаванай краінай.

— Не змаўкае дыскусія наконт неабходнасьці і магчымасьці вызваленьня палітвязьняў. І калі нейкія людзі эмацыйна выказваюць прэтэнзіі Захаду альбо офісу Сьвятланы Ціханоўскай, што нешта ня робіцца — то ўзьнікае пытаньне: а што можна зрабіць?

— На жаль, я таксама ня бачу, што рэальнага на сёньня можна зрабіць для вызваленьня палітвязьняў. Няма міжнароднай паліцыі, якая прыйшла б у Беларусь і вызваліла іх. Эўразьвяз і ЗША ня могуць спыніць вайну, якую вядзе Расея супраць Украіны — што ўжо гаварыць пра палітвязьняў у Беларусі.

Што можа зрабіць апазыцыя? Ім трэба весьці палітычную барацьбу, — але яны гэтага ня робяць. Многія аналітыкі адзначаюць, што беларуская апазыцыя робіць толькі міжнародную працу, яна не працуе ўнутры Беларусі. Факт той, што Лукашэнка кіруе Беларусьсю, і апазыцыі варта было б падумаць, што рабіць у 2024 годзе, калі будуць парлямэнцкія выбары, што рабіць у 2025 годзе.

Калі б апазыцыя паказвала сябе як сапраўднага палітычнага гульца — тады ў яе было б больш вагі і больш шанцаў уплываць на палітыку ўнутры Беларусі. Вядома, гэта вельмі складана рабіць, калі яна знаходзіцца за мяжой, — але нешта можна рабіць, мабілізоўваць грамадзтва праз пэўныя кампаніі.

Пакуль з улікам таго, што ўнутранага ціску на ўладу фактычна няма, я ня думаю, што магчымыя нейкія перамовы, у выніку якіх Лукашэнка вызваліць палітвязьняў. Да таго ж Лукашэнка нелегітымны, і наўрад ці зь ім хто на Захадзе сядзе за стол перамоваў. Бо няма веры, што ён на нешта пагодзіцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам ня ўсё адно!». 29 ліпеня пройдзе 12-гадзінны онлайн-маратон салідарнасьці з палітвязьнямі

— Як на Захадзе ацэньваюць ваенна-палітычную ролю Лукашэнкі ў вайне? Існуюць розныя меркаваньні — ці падуладны ён Пуціну цалкам, ці мае пэўную незалежнасьць і можа прымаць самастойныя рашэньні, напрыклад, не дазваляючы беларускаму войску ўступіць у вайну? Ці ёсьць сярод заходніх экспэртаў і палітыкаў кансэнсус наконт гэтага?

— Ёсьць кансэнсус наконт дзьвюх рэчаў. Першае — у абароннай і ваенна-стратэгічнай палітыцы Лукашэнка цалкам несамастойны, ён марыянэтка Крамля і робіць тое, што яму скажа Пуцін. Другі кансэнсус — унутры краіны Лукашэнка ўсім кіруе і прымае рашэньні адносна самастойна.

Трэцяя рэч — усе бачаць, што Лукашэнку пакуль удаецца не дазваляць беларускім вайскоўцам ваяваць ва Ўкраіне. Але ўсе згодныя з тым, што гэта ня сталы чыньнік. Крэмль мае шэраг рычагоў, і ў пэўны час можа націснуць так, што Лукашэнка вымушаны будзе пагадзіцца, яго поле для манэўру вельмі абмежаванае.

Увогуле, трэба сказаць, што цяпер Беларусь на Захадзе разглядаюць як вельмі важную краіну ў геапалітычным пляне. Апошняе, што актыўна абмяркоўваецца, — гэта зьяўленьне вагнэраўцаў у Беларусі. Пасьля сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна пачалі гаварыць, што, напэўна, Пуцін думае пра новы крок гібрыднай вайны супраць Захаду, — магчыма, з мэтай ціску на Польшчу напярэдадні выбараў там.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка падымае цану палітвязьняў, дзе стаўка — жыцьцё