Заснавальнік «Новага зроку», афіцыйны кансультант Рады заснавальнікаў клінікі Алег Каўрыгін у размове зь «Зеркалом» сьцьвярджае, што абвінавачаньні надуманыя.
«Магу сказаць, што гэтае рашэньне Міністэрства аховы здароўя прынятае нават не міністрам. Мы бачым руку выканаўцаў, але дакладна ведаем, хто замовіў, — заявіў бізнэсовец. — Тое, што адбылося сёньня, гэта чакана абсалютна. Я ведаў, які будзе тэкст рашэньня, мінімум за два-тры тыдні. Гаворка ідзе пра забарону працы прадпрыемстваў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь пад любой падставай».
Заявы Міністэрства аховы здароўя аб падробленых дакумэнтах Каўрыгін назваў «поўнай хлусьнёй».
«Гэта проста памылка Міністэрства аховы здароўя, ліцэнзійнага аддзелу, якая была дапушчаная 13 гадоў таму. Пры выдачы ліцэнзіі, натуральна, усе гэтыя дакумэнты правяраліся. Я ж ня сам займаюся ліцэнзаваньнем», — тлумачыць заснавальнік «Новага зроку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзію вядомай клінікі «Новы зрок»На ягоную думку, «абліць брудам — гэта тыповы мэтад пэўных супрацоўнікаў [сілавых структур]» (гаворка пра абвінавачваньні ў падробцы дакумэнтаў).
Каўрыгін называе рашэньне Мінздароўя «забаронай на працу», празь якую калектыў з 500 чалавек будзе вымушаны зьехаць зь Беларусі. Прапанова перайсьці ў дзяржаўныя клінікі, паводле Каўрыгіна, выклікала ў яго «толькі лёгкую ўсьмешку».
«Сапраўдны прафэсіянал, які ведае цану сваёй працы, будзе працаваць там, дзе яго шануюць і паважаюць, дзе зь ім лічацца. Натуральна, топ-спэцыялісты, неабходныя для нашай працы, на працягу году 100% прыедуць у іншую краіну, і гэта будзе вырашана вельмі хутка. Магчыма, нейкая частка калектыву сыдзе ў дзяржаўныя клінікі часова, для падтрыманьня штаноў. Але тым часам будзе шукаць сабе працу за мяжой», — кажа Каўрыгін.
Ён заяўляе, што сетка клінік «Новы зрок» апошнім часам апэравала да траціны ўсіх беларускіх пацыентаў, якія мелі патрэбу ў лекаваньні, а калісьці і наагул рабіла «палову ўсіх афтальмалягічных апэрацый», таму заявы Мінздароўя, што на «Новы зрок» прыпадае 1,7% наведваньняў «у структуры афтальмалягічнай дапамогі» ў Беларусі, выклікаюць у яго сьмех.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мэдыцына ў руінах: Вайна, рэпрэсіі, неаказаньне дапамогі за кратамі, эміграцыя, легалізацыяАлег Каўрыгін тлумачыць, што ў дзень на ўсе пяць клінік у Беларусі прыпадала па 1000 зваротаў, і зараз гэтая нагрузка ляжа на дзяржаўныя мэдустановы:
«Ці справяцца яны? Як прафэсіянал скажу: не. Да чаго гэта прывядзе? Да павышэньня цаны на паслугі, пагаршэньня якасьці: мэдыцына [у сфэры афтальмалёгіі] адкоціцца гадоў на 20 таму на працягу паўгода. Акрамя таго, нас чакае пагаршэньне дзелавога клімату. Ёсьць фундатары, якія жадалі б весьці нейкія праекты ў Беларусі. Яны зьвяртаюцца да мяне з прапановай, каб укласьці вялікія грошы ў краіну. І, вядома, атрымаюць ад мяне адназначны адказ — не. Вось вынік сёньняшняга паседжаньня», — кажа ён.
Спрабаваць вярнуць ліцэнзію «Новы зрок» ня будзе. Сёньня клініка заявіла пра сыход зь беларускага рынку.
«Мы ніколі ня будзем падаваць на паўторнае аднаўленьне ліцэнзіі, лічым дадзенае рашэньне абразай велізарнага працоўнага калектыву, які працаваў сумленна і справядліва, — тлумачыць Каўрыгін. — Тое, што ўсё адбываецца настолькі жорстка і сур’ёзна, кажа пра тое, што магчымасьці такія ў людзей, якія гэта ўсё робяць, ёсьць. Пры гэтым хацеў бы падкрэсьліць: гэта не палітычная справа. Мы ні ў якім разе не задзейнічаныя (і ніколі не былі) у нейкіх палітычных працэсах», — дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абельская стане міністаркай? Што стаіць за «стэндапам» Лукашэнкі і як унутры сыстэмы спрабуюць спыніць катастрофу ў мэдыцыне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чаргу на пратэзаваньне кантралюе КДБ». Артапэд-траўматоляг — пра вынікі «справы артапэдаў» для пацыентаў, дактароў і мэдычнага бізнэсу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ўтойвае Мінздароўя і што можа зьмяніць грамадзянскі маніторынг ад «Белых халатаў» і Фонду мэдсалідарнасьці