Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвінаваціў Захад у стварэньні перашкод для паставак расейскага збожжа і ўгнаеньняў на міжнародны рынак, але паабяцаў некалькім краінам Афрыкі перадаць пэўны аб’ём збожжа на бясплатнай аснове.
«З аднаго боку, краіны Захаду ствараюць перашкоды пастаўкам нашага збожжа і ўгнаеньняў, а зь іншага — крывадушна абвінавачваюць нас у крызіснай сытуацыі, якая склалася на ўсясьветным харчовым рынку», — заявіў Уладзімір Пуцін на саміце Расея — Афрыка 27 ліпеня.
Расейскі прэзыдэнт абвінаваціў Украіну ў выкарыстаньні марскога калідора, які працаваў зь мінулага году пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны, для камэрцыйных паставак сельгаспрадукцыі. Паводле яго, за год Украіна экспартавала 32,8 мільёна тон грузаў, зь якіх нібыта «70% паступілі ў краіны з высокім і вышэйшым за сярэдні ўзроўнямі даходаў, уключаючы, і найперш маючы на ўвазе, Эўразьвяз».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адмена Расеяй збожжавай угоды выклікала рост сусьветных цэнаў на пшаніцу і кукурузу«Разумеем, якое значэньне мае бесьперабойнае забесьпячэньне афрыканскіх краін прадуктамі харчаваньня — гэта важна для сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця і для падтрыманьня палітычнай стабільнасьці. Таму заўсёды аддавалі і будзем аддаваць асаблівую ўвагу пастаўкам афрыканскім сябрам пшаніцы, ячменю, кукурузы і іншых збожжавых культур, у тым ліку ў якасьці гуманітарнай дапамогі па лініі Харчовай праграмы ААН», — заявіў Пуцін.
Расейскі прэзыдэнт падкрэсьліў, што Расея можа замясьціць сваёй прадукцыяй усё ўкраінскае збожжа як на камэрцыйнай аснове, так і ў выглядзе гуманітарнай дапамогі. Уладзімір Пуцін дадаў, што неўзабаве Расея бясплатна перадасьць Зымбабвэ, Малі, Самалі і іншым афрыканскім дзяржавам па 25–30 тысяч тон збожжа і аплаціць усе транспартныя выдаткі гэтых паставак.
Адметна, што з 23 ліпеня міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба пачаў турнэ па краінах Афрыкі. Ён ужо наведаў Экватарыяльную Гвінэю і Лібэрыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва прапанавала выкарыстоўваць балтыйскія парты для экспарту ўкраінскага збожжа
Расея з 17 ліпеня ў аднабаковым парадку выйшла з збожжавай ініцыятывы, якая ажыцьцяўлялася з 2022 году пры пасярэдніцтве ААН і Турэччыны.
- Збожжавая ўгода для экспартных паставак украінскай сельгаспрадукцыі была заключана летась у ліпені пры садзейнічаньні Турэччыны і ААН. Пагадненьне падаўжалі некалькі разоў. Апошні раз — 17 траўня на два месяцы.
- Адна з умоў, якія выставіла Расея для падаўжэньня збожжавай ініцыятывы, — перападключыць «Россельхозбанк» да міжнароднай сыстэмы апрацоўкі банкаўскіх плацяжоў SWIFT, ад якой ён быў адключаны праз санкцыі. Таксама Масква настойвае на ліквідацыі перашкодаў для экспарту расейскага збожжа, угнаеньняў і паставак аміяку ў Эўропу праз Украіну.
- На пачатку чэрвеня Ўкраіна абвінаваціла Расею ў новым прыпыненьні збожжавай ініцыятывы. У Кіеве сьцьвярджалі, што расейскі бок заблякаваў рэгістрацыю суднаў ва ўсіх украінскіх партах, і назвалі гэтыя дзеяньні «грубым парушэньнем» дамоўленасьцяў.