Ва ўзросьце 56 гадоў памерла адна з галоўных зорак ірляндзкай поп-сцэны сьпявачка Шынэйд О’Конар. Пра гэта паведаміла выданьне Irish Times. Прычына сьмерці не агучваецца.
Выканаўца і кампазытарка Шынэйд ОʼКонар атрымала шырокую вядомасьць у пачатку 90-х гадоў. Яе кавэр на песьню Прынса «Nothing Compares 2 U» стаў сынглам нумар адзін у сьвеце ў 1990 годзе паводле вэрсіі Billboard Music Awards і ўзначальваў амэрыканскі чарт чатыры тыдні запар.
Другі яе альбом «I Do Not Want What I Havenʼt Got» атрымаў «Грэмі» як лепшы альтэрнатыўны альбом. За сваю карʼеру Шынэйд выпусьціла 10 студыйных альбомаў.
Апроч музыкі, яна была вядомай грамадзянскай актывісткай, выступала за абарону правоў чалавека, жанчын і уцекачоў, за аддзяленьне Паўночнай Ірляндыі ад Вялікай Брытаніі і ўзьяднаньне зь незалежнай Ірляндыяй.
У 2017 годзе O’Конар публічна распавяла, што змагаецца з псыхічным захворваньнем — біпалярным разладам. Праз год яна прыняла іслам і зьмяніла імя на Шухаду Давіт.
У яе засталося трое дзяцей. Яе сын Шэйн памёр у мінулым годзе ва ўзросьце 17 гадоў.