Найміты ПВК «Вагнэр» сустрэліся зь дзецьмі зь беларускага вайскова-патрыятычнага клюбу «Рысь».
Відэа сустрэчы апублікавала ў сваім тэлеграм-канале супрацоўніца «Беларусь 1» прапагандыстка Ксенія Лебедзева.
На сустрэчы прысутнічаў камандуючы ўнутранымі войскамі Беларусі Мікалай Карпянкоў. Разам з байцамі ПВК «Вагнэр» ён вучыў дзяцей рабіць «Джамба» — апазнавальны знак наймітаў: вялікі палец і мезенец паднятыя ўверх, а астатнія пальцы сьціснутыя ў кулак.
«Гэта вам ня Мэры Попінс — нашы дзеці выбіраюць сабе правільныя цацкі і правільных настаўнікаў», — напісала прапагандыстка Ксенія Лебедзева.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разбой, рабаваньне, забойства, канібалізм, сэксуальныя злачынствы. Якіх расейскіх вязьняў вэрбуюць на вайну з Украінай- «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі. «Вагнэраўцы» бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
- 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што байцоў беларускіх войскаў тэрытарыяльнай абароны цяпер трэнуюць найміты ПВК «Вагнэр».
- Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня. 25 ліпеня «Беларускі Гаюн» паведаміў, што ў Беларусь прыехала ўжо 11-я калёна вагнэраўцаў, упершыню ў складзе калёны была і бранятэхніка.