«Групавы суіцыд», — СК пра прычыну леташняга выбуху ў доме на бульвары Шаўчэнкі ў Менску

Фота зь месца здарэньня, 17 сьнежня 2022 году

Сьледчы камітэт Беларусі спыніў крымінальны перасьлед па справе ў гібелі 6 чалавек у выніку выбуху ў шматкватэрным доме на вуліцы Шаўчэнкі ў Менску ў сьнежні 2022 году.

Паводле СК, выбух адбыўся ў выніку «наўмысных дзеяньняў двух жыхароў гэтага дома» — сямейнай пары.

Паводле сьледзьтва, яны вылілі на падлогу ў кватэры больш за 10 літраў лёгкай на загараньне вадкасьці і пашкодзілі газавае абсталяваньне на кухні, чым стварылі выбухованебясьпечную канцэнтрацыю газапаветранай сумесі, а пасьля ініцыявалі ўзгараньне. Адбыўся выбух, які пашкодзіў уваходныя дзьверы і разам з полымем распаўсюдзіўся па пад’езьдзе. Выбуховай хваляй выбіла дзьверы ў кватэры на іншым паверсе, дзе загінула сямʼя зь дзіцем.

На месцы здарэньня выявілі палімэрныя бутэлькі з рэшткамі газавага растваральніка, сьляды якога знайшлі ў кватэры, дзе адбыўся выбух. СК лічыць, што загінулая пара хацела зьдзейсьніць групавы суіцыд.

Крымінальную справу спынілі ў сувязі са сьмерцю пары.

Выбух адбыўся ўначы 17 сьнежня, загінулі шэсьць чалавек (сярод іх адно дзіця), яшчэ трое атрымалі траўмы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На бульвары Шаўчэнкі ў Менску адбыўся выбух у жылым доме: 6 чалавек загінулі, трое ў рэанімацыі