Палітвязьня Алега Яфрэменку зноў асудзілі за «непадпарадкаваньне» адміністрацыі калёніі
У судзе Горацкага раёна 25 ліпеня Алега Яфрэменку асудзілі ўжо паводле трэцяй крымінальнай справы. Яго зноў абвінавацілі па ч. 1 арт. 411 Крымінальнага кодэксу Беларусі (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы), паведамляе «Вясна».
Судзьдзя Алена Вараб’ёва прызначыла Алегу яшчэ адзін год зьняволеньня.
Алег Яфрэменка — жыхар Віцебска, якога ўжо больш за два гады і 10 месяцаў ўтрымліваюць за кратамі. 9 сьнежня 2020 году яго асудзілі паводле артыкулу аб гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка МУС (арт. 364 Крымінальнага кодэксу). Яго абвінавацілі ў тым, што ён зрабіў падсечку міліцыянту падчас вулічнага шэсьця 13 верасьня 2020 году — той упаў і падрапаў далоні. Суд прызначыў Алегу чатыры з паловай гады калёніі.
Адбываць тэрмін яго накіравалі ў магілёўскую калёнію № 15, але празь некалькі месяцаў яму ўзмацнілі пакараньне і перавялі на турэмны рэжым. Ініцыятарам узбуджэння новай крымінальнай справы стала адміністрацыя магілёўскай турмы № 4. Там Алега рэгулярна зьмяшчалі ў ШІЗА па надуманых прычынах.
Летась Алегу дадалі яшчэ год калёніі за «непадпарадкаваньне» адміністрацыі магілёўскай турмы.
Тры тыдні сваякі Пачобута не атрымліваюць ад яго лістоў
Жонка палітзьняволенага журналіста і актывіста незалежнага Саюзу палякаў Беларусі Анджэя Пачобута, Аксана, апошні раз атрымлівала ліст ад мужа 6 ліпеня.
У размове з «Народнай Воляй» Аксана Пачобут падкрэсьліла, што да Анджэя ня можа трапіць адвакат.
«Таксама стала вядома, што Андрэй у ШЫЗА. Верагодна, другі ці трэці раз запар. Невядома, як ён там трымаецца бязь лекаў», — сказала Аксана Пачобут.
«Акрамя таго, што разьвіваюцца падзеі па найгоршым сцэнары, калі чалавек проста зьнікае ў калёніі безь якіх-небудзь вестак. Прыбыўшы месяц таму ў калёнію Наваполацку, Андрэй паведаміў пра гэта ў лісьце. Таксама ён пасьпеў паведаміць, што адразу ж у карантыне яго абвясьцілі злосным парушальнікам і пазбавілі перадач і спатканьняў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС дадало ў «сьпіс экстрэмістаў» яшчэ 66 чалавек, у тым ліку Паўла Белавуса і Анджэя ПачобутаПалітвязень Антон Лакішык выйшаў на волю
Палітвязень адбываў тэрмін у бабруйскай калёніі № 2, адкуль 26 ліпеня выйшаў на волю. У зьняволеньні яго ўтрымлівалі 2 гады, 8 месяцаў і 8 дзён, паведамляе «Вясна».
Менчука Антона Лакішыка затрымалі 14 ліпеня 2020 году каля мэтро «Няміга» ў Менску. У той вечар беларусы выйшлі на стыхійныя акцыі ў знак пратэсту супраць нерэгістрацыі кандыдатаў у прэзыдэнты. Антона пратрымалі некалькі гадзін у РУУС і адпусьцілі. Паўторна яго затрымалі 23 ліпеня на працы, але ўжо ў межах крымінальнай справы.
Суд Цэнтральнага раёну Менску 18 лістапада 2020 году асудзіў Антона па артыкуле 364 КК (гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў) на 3 гады калёніі. Яго абвінавацілі ў тым, што ён пачаў тузацца з АМАПаўцам, калі АМАПаўцы выхоплівалі і затрымлівалі пратэстоўцаў са счэпкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурорка папрасіла зьменшыць тэрмін палітвязьню Лакішыку, але Менскі гарадзкі суд адмовіўХто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.