Хроніка перасьледу 26 ліпеня: у Берасьці затрымалі шахматыста і лекара, у Гомлі — цэлую сям’ю

У беларускім судзе. Архіўнае фота

Палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца.

Усю сям’ю затрымалі за лайкі і падпіску на «экстрэмісцкія каналы»

У Гомлі затрымалі цэлую сямʼю — пажылых мужа і жонку, іх дачку і зяця, паведаміў адзін з тэлеграм-каналаў сілавікоў. Ім пагражае адміністрацыйны артыкул за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.
Сілавікі апублікавалі відэа гамельчукоў.

Усіх чацьвярых плянуюць судзіць паводле артыкулу 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

ГУБАЗіК затрымаў, а пасьля адпусьціў пад падпіску аб нявыезьдзе шахматыста Буланава

У Берасьці затрымалі шахматыста, майстра ФІДЭ Дзьмітрыя Буланава. Ролік зь беларусам апублікаваў блізкі да сілавікоў тэлеграм-канал.

На відэа Буланаў расказвае, што ён прафэсійны шахматыст і ўваходзіць у 30 найлепшых, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту 2020 году, удзельнічаў у перасылцы «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і быў зарэгістраваны ў пляне «Перамога».

Буланаў — адзін з удзельнікаў каманды «Свабодныя шахматысты Беларусі». Самога Буланава адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе пасьля трох дзён арышту. У чым абвінавачваюць шахматыста і ці заведзеная на яго справа, невядома.

У Берасьці затрымалі лекара-ўроляга Алега Зыкуна

У Берасьці 25 ліпеня затрымалі лекара-ўроляга абласной бальніцы Алега Зыкуна, паведаміла ініцыятыва мэдыкаў «Белыя халаты».

Паводле «Белых халатаў», паўгода таму яго затрымлівалі за данаты, абавязалі выплаціць матэрыяльную дапамогу дзіцячаму дому ў шматразовым памеры і пакінулі «пад пільнай увагай».

«Цяпер Алег арыштаваны нібыта за тое, што на працоўным кампутары выявілі базу з адрасамі і тэлефонамі сілавікоў Берасьця», — паведаміў канал.

Пасьля гэтага затрыманьня ў бальніцы настойліва «рэкамэндуюць» праводзіць тлумачальную працу з пэрсаналам, пагражаюць стратай працоўнага месца зь немагчымасьцю ў далейшым працаўладкавацца з прычыны «дрэннай» характарыстыкі.