Генпракуратура Расеі прызнала «Дождь» непажаданай арганізацыяй

Генпракуратура Расеі прызнала непажаданай арганізацыяй латвійскую і нідэрляндзкую філіі тэлеканала «Дождь». Пра гэта паведамляе Інтэрфакс. Па сутнасьці, гэта азначае, што непажаданай прызнаная дзейнасьць тэлеканала як такога.

Рэдакцыя «Дождя» разьмяшчалася ў Маскве, але пасьля пачатку шырокамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну пераехала за мяжу.

Сам «Дождь» у сваім тэлеграм-канале піша, што прызнаны непажаданай арганізацыяй у Расеі. Як гаворыцца ў тэлеграм-канале «Дождя», дзеля бясьпекі гледачоў адключаны збор данатаў з Расеі, скасаваныя падпіскі для жыхароў Расеі. Таксама тых, хто пражывае ў Расеі, заклікалі не дзяліцца спасылкамі на матэрыялы «Дождя».

Прызнаньне арганізацыі непажаданай, апроч іншага, азначае, што грамадзянам Расеі, якія зь ёй супрацоўнічаюць, пагражае крымінальны перасьлед.

Сьцьвярджаецца, што «Дождь» распаўсюджвае матэрыялы «экстрэмісцкіх арганізацый» (імі прызнаныя ФБК і штабы Навальнага і так званых замежных агентаў, сярод якіх згадана і Радыё Свабода). Таксама сьцьвярджаецца, што філіялы «Дождя» «дыскрэдытуюць органы дзяржаўнай улады Расейскай Фэдэрацыі, праваахоўныя органы, распаўсюджваюць не адпаведныя сапраўднасьці зьвесткі пра спэцыяльную ваенную апэрацыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тэлеканал «Дождь» сабраў 120 тысяч эўра на закупку генэратараў для Ўкраіны

Тэлеканал «Дождь» быў створаны ў 2010 годзе. Ён стаў адным з найбуйнейшых і найбольш вядомых незалежных, крытычна настроеных у адносінах да Крамля расейскіх СМІ. У жніўні 2021 году расейскія ўлады прызналі яго «іншаземным агентам», а пасьля ўварваньня ва Ўкраіну заблякавалі яго сайт. У чэрвені мінулага году тэлеканал «Дождь», які перасьледуецца расейскімі ўладамі, быў ліцэнзаваны ў Латвіі, аднак на пачатку сьнежня ўлады гэтай краіны адклікалі ліцэнзію ў СМІ «у сувязі з пагрозай нацыянальнай бясьпецы». Падставай сталі словы вядучага «Дождя» Аляксея Карасьцялёва пра мабілізаваных, сказаныя ім у жывым эфіры. Раней канал штрафавалі ў Латвіі за іншыя меркаваныя парушэньні. Пры гэтым журналістам дазволілі застацца ў краіне.

На пачатку студзеня тэлеканал атрымаў дазвол на вяшчаньне ў Нідэрляндах. У Расеі яго вяшчаньне даступна на ютубе і ў сацсетках.

У студзені Генэральная пракуратура Расеі прызнала юрыдычную асобу выданьня «Медуза» ў Латвіі — SIA ’Medusa Projectʼ непажаданай у Расеі арганізацыяй. Да гэтага ў сьпіс непажаданых арганізацый былі ўнесеныя рэдакцыі выданьняў «Проект» і The Insider.

  • Расейскія ўлады паўтараюць практыку сілавых структураў Беларусі, якія пачынаючы з 2021 году прызнаюць «экстрэмісцкімі» незалежныя беларускія СМІ і караюць іх аўдыторыю за рэпосты і проста спажываньне інфармацыі зь іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі б беларусы хацелі дэмакратыі, яны б не глядзелі „Дождь“ і Каца». Дыскусія Марцалева і Вусава
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскаму тэлеканалу «Дождь» выдалі ліцэнзію на вяшчаньне ў Нідэрляндах