Намесьнік камандуючага ўнутранымі войскамі Беларусі Сяргей Грабеньнікаў заявіў, што найміты расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» пачалі разам вайскоўцамі ўнутраных сіл Беларусі супольную падрыхтоўку.
«Мерапрыемствы тактычнай і тактыка-спэцыяльнай падрыхтоўкі ўжо праводзяцца ва ўнутраных войсках з ПВК „Вагнэр“. Байцы „Вагнэра“ з задавальненьнем дзеляцца сваім баявым досьведам у розных сфэрах: выкарыстаньні бесьпілётнікаў, снайпэрскай зброі, сродкаў радыёэлектроннай барацьбы», — працытавала БелТА Сяргея Грабеньнікава.
Намесьнік камандуючага ўнутранымі войскамі Беларусі назваў вагнэраўцаў «дысцыплінаванымі і матываванымі байцамі», якія гатовы падзяліцца досьведам з спэцпадразьдзяленьнямі Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў сустрэўся з вагнэраўцамі24 ліпеня міністар унутраных справаў Іван Кубракоў сустрэўся ў навучальным цэнтры ўнутраных войскаў МУС з прадстаўнікамі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».
Паводле прэсавай службы МУС, «у сустрэчы таксама ўзялі ўдзел кіраўнікі і супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьняў ведамства».
Як вагнэраўцы трэнуюць вайскоўцаў Мінабароны Беларусі
25 ліпеня 2023 году Мінабароны Беларусі паведаміла, што часткі і падразьдзяленьні Ўзброеных Сіл краіны працягваюць праводзіць сумесныя заняткі з удзелам інструктараў кампаніі «Вагнэр»:
«Да рэалізацыі дарожнай мапы сумеснай падрыхтоўкі прыступілі ня толькі падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый і мэханізаваных падразьдзяленьняў, але і часткі і падразьдзяленьні інжынэрных войскаў, войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны, а таксама сувязі.
Асаблівая ўвага пры арганізацыі трэнаваньняў удзяляецца пытаньням забесьпячэньня жывучасьці войскаў пры вядзеньні баявых дзеяньняў».
14 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі заявіла аб выпрацоўваньні сумесна з кіраўніцтвам ПВК «Вагнэр» «дарожнай мапы на найбліжэйшую пэрспэктыву ў падрыхтоўцы і перадачы досьведу паміж падразьдзяленьнямі розных родаў войскаў». У той жа дзень прэсавая служба міністэрства апублікавала відэасюжэт, зь якога вынікала, што вагнэраўцы трэнуюць у Беларусі падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў.
20 ліпеня вайсковае ведамства паведаміла аб працяглых трэнінгах сілаў спэцыяльных апэрацый з ПВК пад Берасьцем.
На тэрыторыі Беларусі можа знаходзіцца каля 5 тысячаў наймітаў ПВК «Вагнэр», заявіў 22 ліпеня выданьню «Ўкраінская праўда» сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Паводле яго, такая колькасьць «непасрэднай пагрозы не нясе», але сілы абароны краіны «павінныя быць гатовыя да любых сытуацый, у тым ліку да недапушчэньня правакацыяў на мяжы».
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» 24 ліпеня паведаміў, што на тэрыторыі краіны мінімум 3,5 тысячы вагнэраўцаў.
- ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
- Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» пойдзе ў Беларусь.
- 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэнуюць найміты ПВК «Вагнэр».
- Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін, цяпер арыштаваны, у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэра».