Беларуская эканоміка змагла перабудавацца на новы санкцыйны рэжым працы, піша «Голас Амэрыкі». Аднак шараговыя беларусы адчулі на сабе наступствы санкцый, лічаць экспэрты.
За падтрымку Расеі ў вайне супраць Украіны Эўразьвяз і ЗША вясной 2022 года ўвялі супраць Беларусі жорсткія эканамічныя санкцыі. Тады многія экспэрты прадказвалі падзеньне беларускай эканомікі на 10 працэнтаў у 2022 годзе і яшчэ на столькі ж у 2023. Аднак гэтага не адбылося, а эканоміка Беларусі змагла перабудавацца на новы санкцыйны рэжым працы і на сёньняшні дзень даволі ўстойлівая, лічаць беларускія эканамісты.
«На расейскім рынку адкрыліся дадатковыя нішы для беларускіх тавараў, па-першае, — лічыць дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах Алесь Аляхновіч. — Па-другое, таму што павысіліся вельмі значна цэны на энергарэсурсы, у тым ліку на нафтапрадукты, якія Беларусь пастаўляе на розныя краіны. Павысіліся таксама цэны на некаторыя іншыя тавары, якія Беларусь пастаўляе, у тым ліку на малочную прадукцыю, мясную, прадукты дрэваапрацоўкі, вырабы з мэталу і гэтак далей. Плюс з Расеі Беларусь у разы таньней купляе газ, чым яго рыначны кошт. Беларусь купляе нафту з Расеі па кошце, які прыблізна на 40% таньнейшы за рынкавы кошт, напрыклад, нафты маркі Brent».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нам дураць галаву карцінкамі». Сахашчык агучыў інсайд ад расейскіх сілавікоў пра мэту вагнэраўцаў у Беларусі
Пры гэтым сярэдняя заработная плата ў суседняй Польшчы складае 1 800 даляраў — у тры разы больш, чым у Беларусі. Беларуская «мінімалка» меншая за польскую ў 5 разоў, а пэнсія — у 4.
«30 гадоў таму Беларусь і Польшча стартавалі практычна на аднолькавых умовах, — кажа Аляхновіч. — У 89-91 гадах заробкі, пэнсіі ў Беларусі і якасьць жыцьця ў Беларусі і ў Польшчы былі аднолькавымі. Праходзіць крыху больш за 30 гадоў і розьніца ў нас ад 3 да 5 у параўнаньні якасьці жыцьця. І, на жаль, чым больш часу мы жывем пры дыктатуры, тым гэтая розьніца, яна будзе павялічвацца, і людзі будуць усё больш і больш яе адчуваць».
Паводле праведзенага вясной гэтага года апытаньня Белстата, толькі 15 працэнтаў насельніцтва Беларусі змаглі назваць свой узровень жыцьця добрым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я вам пакажу, адкуль рыхтаваўся напад...» Ці пачнецца вайна Беларусі і Расеі з NATO