Каля дзесяці тысяч ізраільцян далучыліся да маршу пратэсту супраць судовай рэформы. Дэманстранты ўжо трэці дзень ідуць з Тэль-Авіва ў Іерусалім па сьпякоце.
Калёна з нацыянальнымі сьцягамі, якая стартавала з прыбярэжнага Тэль-Авіва ў чацьвер, у пятніцу расьцягнулася на чатыры кілямэтры ўздоўж асноўнай ізраільскай шашы, піша Associated Press. Тэмпэратура паветра па дарозе складала каля 35°C. Адлегласьць паміж гарадамі перавышае 60 кілямэтраў.
Пратэстанты двойчы спыняліся на начлег і плянуюць дайсьці да Іерусаліма ўвечары ў суботу, 22 ліпеня. Яны маюць намер усталяваць намёты ля будынка Кнэсета — ізраільскага парлямэнту — як мінімум да галасаваньня ў ім па судовай рэформе. Чакаецца, што яно адбудзецца на пачатку наступнага тыдня, піша The Times of Israel.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм'ер-міністар Ізраілю адклаў судовую рэформу на фоне пратэстаў- Масавыя пратэсты працягваюцца ў Ізраілі ў адказ на пляны ўладаў рэарганізаваць судовую сыстэму краіны. Толькі ў ліпені ў Ізраілі прайшлі шматтысячныя дэманстрацыі і страйкі, а больш за тысячу рэзэрвістаў аб’явілі аб прыпыненьні сваёй службы ў арміі.
- Прэмʼер-міністар краіны Біньямін Нетаньяху і яго саюзьнікі — ультранацыяналістычныя і ультраартадаксальныя партыі — сьцьвярджаюць, што рэформа неабходна для абмежаваньня «празьмерных» паўнамоцтваў судзьдзяў.
- Праціўнікі рэформы лічаць, што яна прывядзе да зьніжэньня судовага кантролю за рашэньнямі ўрада, а суды фактычна страцяць незалежнасьць.
- Масавыя пратэсты супраць судовай рэформы ў Ізраілі адбываліся і ў сакавіку 2023 года. У адзін дзень, 26 сакавіка, на вуліцы выйшлі больш за 600 тысяч дэманстрантаў. У краіне быў абʼяўлены страйк. Тады Нетаньяху вырашыў адкласьці разгляд судовай рэформы да летняй сэсіі Кнэсета.