У анэксаваным Крыме заявілі пра атаку дронаў на паўвостраў, Украіна кажа пра зьнішчэньне нафтабазы і складоў расейскай арміі

Сяргей Аксёнаў, архіўнае фота

Прызначаны Расеяй кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў 22 ліпеня заявіў пра налёт дронаў на інфраструктурныя аб’екты Чырвонагвардзейскага раёну.

«Супернік зьдзейсьніў спробу налёту з выкарыстаньнем БПЛА па інфраструктурных абʼектах Чырвонагвардзейскага раёну Рэспублікі Крым. Супрацоўнікі МНС знаходзяцца на месцы для ліквідацыі магчымых наступстваў. Працуюць усе профільныя службы», — напісаў ён у сваім тэлеграм-канале.

Узброеныя сілы Ўкраіны заявілі пра зьнішчэньне нафтабазы і складоў расейскай арміі ў Крыме.

«Сілы абароны Ўкраіны зьнішчылі нафтабазу і склады арміі РФ у часова акупаваным Акцябрску ў Чырвонагвардзейскім раёне Крыму», — напісала ўпраўленьне стратэгічных камунікацый УСУ.

Пазьней Аксёнаў паведаміў, што ў Чырвонагвардзейскім раёне ў выніку атакі бесьпілётнікаў «адбылася дэтанацыя» на складзе боепрыпасаў. Ён сьцьвярджае, што пацярпелых і разбурэньняў няма. Пры гэтым прынятае рашэньне эвакуяваць жыхароў у радыюсе пяці кілямэтраў ад «месца надзвычайнага здарэньня».

Шэраг тэлеграм-каналаў раніцай 22 ліпеня апублікавалі відэа, на якіх бачны дым і чутныя выбухі.

Сьцьвярджаецца, што гаворка ідзе пра ваенны аэрадром у пасёлку Акцябрскі. Гэта цэнтральная частка Крыму.

Рэдакцыя Радыё Свабода ня можа апэратыўна пацьвердзіць зь незалежных крыніц заявы бакоў канфлікту пра ваенныя дзеяньні.

  • На вайсковым палігоне ў Кіраўскім раёне ў анэксаваным Крыме ў ноч на 19 ліпеня здарыўся пажар. Загарэўся склад боепрыпасаў у раёне горада Стары Крым. Расейскія ўлады не паведамілі аб прычынах здарэньня. Паводле шэрагу паведамленьняў, палігон атакавалі бесьпілётнікі.
  • У ноч на 17 ліпеня ў выніку некалькіх выбухаў быў пашкоджаны Крымскі мост.
  • На паўвостраве дзейнічае павышаны (жоўты) узровень тэрарыстычнай небясьпекі. Аэрапорт Сімфэропаля зачынены.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбухаў на вайсковым палігоне ў Крыме эвакуююць жыхароў чатырох населеных пунктаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі: Крымскі мост — законная мэта, якую трэба «нэўтралізаваць»