Кіраўнік ПВК «Вагнэра» Прыгожын зарэгістраваў юрыдычную асобу ў Асіповіцкім раёне

Яўген Прыгожын, архіўнае фота

Магілёўскі аблвыканкам 19 ліпеня зарэгістраваў у вёсцы Цэль ТАА «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», ягоным кіраўніком указаны Яўгеній Прыгожын, заўважыла выданьне Reform.by.

Інфармацыю пра гэта журналісты адшукалі ў Адзіным дзяржаўным рэгістры юрыдычных асобаў і ІП Міністэрства юстыцыі Беларусі.

Асноўным відам дзейнасьці таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг» са статутным фондам у 200 беларускіх рублёў заяўлена «Кіраваньне нерухомай маёмасьцю».

Адрас рэгістрацыі кампаніі — вёска Цэль, вул. Усходняя, д. 2 а. Менавіта ў вёсцы Цэль знаходзіцца палявы лягер, куды з Расеі прыбылі найміты ПВК «Вагнэра».

100%-ы ўладальнік беларускай кампаніі — расейскае «Канкорд Мэнэджмэнт і Кансалтынг», генэральным дырэктарам якога паводле дакумэнтаў таксама зьяўляецца Яўгеній Прыгожын. У Расеі яно існуе з 2003 году, афіцыйна там працуе 31 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы сустрэлі нас, як братоў». Зьявілася відэа з выступам Прыгожына, магчыма, у лягеры каля вёскі Цэль
  • ПВК «Вагнэр» — неафіцыйнае расейскае ўзброенае падразьдзяленьне, не зьвязанае зь Мінабароны РФ або іншымі дзяржструктурамі. «Вагнэраўцы» бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Увечары 23 чэрвеня Прыгожын і ПВК «Вагнэр» арганізавалі ў Расеі мяцеж, які працягваўся крыху менш за суткі. Пасьля гэтага расейскія ўлады заявілі, што «Вагнэр» сыдзе ў Беларусь.
  • 14 ліпеня Мінабароны Беларусі заявіла, што беларускія войскі тэрытарыяльнай абароны цяпер трэніруюць найміты ПВК «Вагнэр».
  • Паводле маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», калёны ПВК «Вагнэр» пачалі прыбываць у Беларусь з 11 ліпеня.
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча перакіне жаўнераў да межаў Беларусі праз рызыку ад вагнэраўцаў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто каго купіў, Лукашэнка Прыгожына ці наадварот? Думка Цімура Алеўскага