Пра сваё бачаньне пагрозаў і рызыкаў ад прысутнасьці расейскіх наймітаў побач зь межамі Эўразьвязу ў інтэрвію DW расказаў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэту па абароне і нацыянальнай бясьпецы Валеры Сахашчык.
— Ці прадстаўляе пагрозу перамяшчэнне «вагнэраўскіх» аддзелаў фактычна на мяжу з Польшчай і якую?
— Я ўпэўнены, што гэта зьяўляецца пагрозай для суседзяў — для Ўкраіны і краін Эўропы. Ніхто нам ня скажа праўду, колькі іх будзе, якія яны заданьні будуць выконваць. Наколькі я ведаю — такія размовы ходзяць у высокіх вайсковых колах — Беларусь «падарылі» Прыгожыну, цяпер ён дзейнічае незалежна ад волі Лукашэнкі.
Ніхто ў Лукашэнкі нічога не пытаецца, такім чынам падвышаюць узровень яго залежнасьці ад Крамля, і ў любы момант Пуцін можа зрабіць усё што заўгодна зь Беларусьсю.
Можна толькі прагназаваць, якія задачы будуць выконваць вагнэраўцы. Я лічу, што гэта будзе прыблізна так: верагодна, будуць рабіць правакацыі супраць Украіны, верагодна, будуць спрабаваць справакаваць новы міграцыйны крызіс на мяжы Польшчы, Літвы, можа, Латвіі, будуць перакідаць групы мігрантаў, можа, дадуць ім зброю, можа, пойдзе нейкая колькасьць вагнэраўцаў у Эўропу, каб дэстабілізаваць сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дырэктар ЦРУ: Пуцін да гэтага часу ня вырашыў, што рабіць з ПрыгожынымАбо кантроль і кіраваньне тактычнай ядзернай зброяй будуць аддадзены Прыгожыну, бо гэта цікавая опцыя для Пуціна: калі будзе выкарыстана ядзерная зброя, сказаць: «А я ня ведаю, хто гэта зрабіў».
Сытуацыя вельмі нядобрая для суседзяў і для народу Беларусі, у першую чаргу. Мне гэта вельмі не падабаецца.
— Вагнэраўцы ў Беларусі, на ваш погляд, падпарадкоўваюцца не Лукашэнку, а Пуціну?
— Я ўпэўнены ў гэтым.
— Як да вагнэраўцаў ставяцца беларускія вайскоўцы, ці можа ўзьнікнуць канфлікт?
— Канфлікту я не прагназую. Ведаю, што шмат вайскоўцаў супраць прыходу ПВК «Вагнэр», як і супраць разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Але ў нас, на жаль, на працягу амаль 30 гадоў ішла такая сэлекцыя кіраўнікоў кадраў ва Ўзброеных сілах, што няма там ніводнага генэрала, які мог бы ўстаць і сказаць: не, мы гэтага не дапусьцім, гэта супраць інтарэсаў Беларусі. Усе будуць схіляць галаву і казаць: так, ёсьць, зробім. Хаця ў душы большасьць ня згодныя.
- Камітэт бясьпекі Польшчы пастанавіў на паседжаньні ў сераду перакінуць вайсковыя часткі на ўсход краіны з прычыны прысутнасьці групы «Вагнэр» ў Беларусі, паведаміла ў пятніцу інфармацыйнае агенцтва PAP са спасылкай на яго сакратара.
- Усяго, паводле зьвестак маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», да вечара 19 ліпеня ў Беларусь прыбылі каля 3 тысяч наймітаў. У самой ПВК заяўлялі, што ў краіну будзе перакінута да 10 тысяч чалавек.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.