Пуцін заявіў, што Расея будзе выкарыстоўваць усе сродкі, каб абараніць Беларусь ад нападу

Уладзімір Пуцін, архіўнае фота

Заява прагучала на пасяджэньні Савету бясьпекі Расеі.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў у пятніцу, што Масква будзе выкарыстоўваць любыя сродкі, якія мае ў распараджэньні, каб абараніць саюзьніцу Беларусь ад магчымых нападаў.

«Паколькі Беларусь уваходзіць у склад саюзнай дзяржавы, то разьвязваньне агрэсіі супраць Беларусі будзе азначаць агрэсію супраць Расейскай Фэдэрацыі», — заявіў ён на пасяджэньні Савету бясьпекі Расеі.

«Мы будзем рэагаваць на гэта ўсімі сродкамі, якія ёсьць у нас», — цытуе Пуціна агенцтва AFP.

Пры гэтым Пуцін абвінаваціў у агрэсіўных намерах Польшчу:

«Што тычыцца польскіх лідэраў, то, пэўна, яны разьлічваюць пад „натаўскім парасонам“ сфармаваць нейкую кааліцыю і наўпрост умяшацца ў канфлікт ва Ўкраіне, каб затым „адарваць“ сабе кавалак тлусьцейшы, вярнуць сабе, як яны лічаць, свае гістарычныя тэрыторыі — сёньняшнюю Заходнюю Ўкраіну. Добра вядома, што мараць яны і пра беларускія землі», — цытуе Пуціна Ria.ru.

Пуцін сказаў, што ў прэсе нібыта зьяўляліся паведамленьні аб плянах выкарыстаньня польска-літоўскага падразьдзяленьня для дзеяньняў у заходняй Украіне — часткі якой у мінулым належалі Польшчы — і ў канчатковым выніку заняць там тэрыторыю.

Пуцін не прывёў ніякіх доказаў. Польшча адмаўляе любыя тэрытарыяльныя амбіцыі ў Беларусі.

Апошнімі тыднямі Расея пачала разьмяшчаць у Беларусі тактычную ядзерную зброю. Крэмль паведаміў, што ў нядзелю Пуцін сустрэнецца ў Расеі з Аляксандрам Лукашэнкам, зь якім ён рэгулярна размаўляе.

Міністар абароны Нямеччыны Барыс Пісторыус заявіў у пятніцу, што Нямеччына і NATO гатовыя падтрымаць Польшчу ў абароне ўсходняга флянгу альянсу.

  • Расея разьвязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны 24 лютага 2022 году, захапіла яе тэрыторыі на поўдні і ўсходзе, частка гарадоў Данбасу фактычна зьнішчаная баявымі дзеяньямі.
  • Расея абстрэльвае ракетамі і дронамі гарады па ўсёй тэрыторыі Ўкраіны.
  • Пры гэтым расейскія войскі ў 2022 годзе выкарысталі для нападу на Ўкраіну і тэрыторыю Беларусі.
  • Лік ахвяраў разьвязанай Расеяй вайны ідзе на дзясяткі тысяч.
  • У Беларусі ў ліпені 2023 году на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі зьявіліся найміты ПВК «Вагнэр».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Адэсе ад ракетнага ўдару пацярпелі будынкі, якія ўваходзяць у ахоўную зону аб’екту сусьветнай спадчыны UNESCO

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.